
Ініцыятарам сустрэчы выступіла польскае бюро СДМ пры Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Польшчы, якое зараз узначальвае адказны за душпастырства моладзі ў Польшчы кс. біскуп Генрых Тамасік.
Галоўнай тэмай Форума была падрыхтоўка да XXVI Сусветных Дзён Моладзі ў Іспаніі, якія пройдуць сёлета ў жніўні. Трэба прыгадаць, што гэта адно з буйнейшых мерапрыемстваў Усеагульнага Касцёла з пункту гледжання колькасці ўдзельнікаў, якое адбываецца раз у тры гады.
Ганаровымі гасцямі Форума былі кс.кардынал Станіслаў Рылка, кіраўнік папскай Камісіі па справах свецкіх (Рым) і галоўныя арганізатары з Іспаніі, паміж іншым – Yago de la Cierva, выканаўчы дырэктар Камітэта па справах падрыхтоўкі да СДМ. Прысутнічалі таксама госці з Францыі, Чэхіі і Іспаніі.
Падчас нарадаў удзельнікі Форума абмяркоўвалі ход падрыхтоўкі і дзяліліся досведам. Беларуская дэлегацыя таксама прадставіла справаздачу аб падрыхтоўцы да Мадрыда-2011. Усе адзначалі патрэбу прадстаўлення СДМ як формы маніфестацыі свету маладосці Касцёла і яго дынамізму. Гаварылася таксама пра актуальнасць слоў папы Бенедыкта XVI з яго Звароту да маладых на XXVI СДМ у Мадрыдзе: “Сёння існуе патрэба знайсці хрысціянскія карані Еўропы”.
Удзельнікі выказваліся пра актуальную праграму падрыхтоўкі да Мадрыда-2011 пад назвай “En camino” (з іспанскай мовы – “Паломніцкі шлях”). Гэта цыкл, які складаецца з 12 катэхез; апошнім часам ён прапаноўваецца будучым удзельнікам Сусветных Дзён Моладзі.
Удзельнікі Форума абмяркоўвалі арганізацыйныя цяжкасці, якія існуюць або могуць з’явіцца падчас рэгістрацыі, выезду і ўдзелу ў СДМ, беручы пад увагу агульную колькасць запланаваных удзельнікаў – 2 000 000 чалавек.
18.06.2011 г. у Чанстахове, на Яснай Гары, пройдуць чарговыя абрады, якія будуць датычыць вынікаў падрыхтоўкі наступных месяцаў.
Напрыканцы беларуская дэлегацыя падзякавала арганізатарам за магчымасць удзельнічаць у Форуме. Паводле папярэдніх дадзеных, у сёлетніх Сусветных Днях Моладзі будзе ўдзельнічаць каля 500 чалавек з Беларусі.
Кс. Антоні Грэмза