Skip to main content

Парафіяне з Воранава прынялі ўдзел у рэкалекцыях

woranawa rek 1У першы тыдзень Вялікага посту вернікі парафіі Святых апосталаў Сымона і Юды Тадэвуша ў Воранаве (Радунскі дэканат) разам з вернікамі з іншых месцаў, дзе служаць ксяндзы палатыны і сёстры палатынкі (Бяроза, Талачын і Мінск), удзельнічалі ў рэкалекцыях.

Духоўныя практыкаванні прайшлі ў Баранавічах у Доме Святой Тройцы ксяндзоў вербістаў. Удзельнікі – 25 чалавек – мелі магчымасць між іншым наведаць музей Бібліі. Адбыўся таксама Крыжовы шлях і было шмат часу для супольнай і індывідуальнай малітвы.

Тэмамі канферэнцый, з якімі выступалі кс. Уладзімір Буклярэвіч SAC i кс. Яўген Эйсмант SAC, было сем галоўных грахоў. Лепшаму разуменню тэмаў спрыяла праца ў групах і дзяленне Божым словам, падрыхтаванае сёстрамі палатынкамі Вольгай Рынкевіч і Наталляй Дрэма. Гэта дапамагло ўдзельнікам рэкалекцый адкрыць шмат новых аспектаў для сябе. Асабліва важным было называнне крыніц гэтых грахоў, вызначэнне іх уплыву на адносіны чалавека з Богам.

Час Вялікага посту дапамагаў удзельнікам зірнуць у свае сэрцы і ўбачыць свае адносіны да бліжніх.

Для тых, хто ўдзельнічаў у падобнай сустрэчы першы раз, адкрыццём стала штодзённая малітва Літургіі гадзін – Ютрань – і знаёмства з асобай св. Вінцэнта Палоцці.

Кс. Юрый Марціновіч