14 лютага, у Папяльцовую сераду, якая пачынае час Вялікага посту ў Каталіцкім Касцёле, святую Імшу апоўдні ў катэдры св. Францішка Ксаверыя ў Гродне ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.
У гаміліі іерарх адзначыў, што Вялікі пост павінен дапамагчы ўсім усвядоміць, што Пан Бог чакае ад нас прыняцця дару Адкуплення, праз асабістае паглыбленне веры, адважнае прыняцце высілку працы над сабой, пазбаўлення ад грахоў і імкнення жыць паводле Божых запаведзяў. Гродзенскі ардынарый дадаў, што гэта павінен быць час аднаўлення жыцця і навяртання да Бога.
“Першы крок на шляху навяртання – прызнанне перад Богам уласнай грахоўнасці. Гэта патрабуе вялікай пакоры і глыбокай веры. Стоячы ў праўдзе і прызнаючы ў пакоры нашы правіны, мы адкрываемся на Божую ласку і становімся здольнымі прыняць Яго прабачэнне. Таму Пан Бог, які жадае адарыць чалавека сваёй міласэрнасцю, нястомна скіроўвае да яго заклік аб навяртанні”, – сказаў біскуп.
Іерарх указаў вернікам шлях пакаяння і навяртання праз удасканаленне малітвы, посту і міласціны.
Біскуп звярнуў увагу, што саракадзённы перыяд Вялікага посту, часту ўзмоцненай працы над сабой, пакаяння і змярцвення, трэба выкарыстаць як найлепш, “для нашага духоўнага дабра, для ўзрастання ў веры, надзеі і любові”. “Наколькі мы адкрыемся на дзеянне Божай ласкі, настолькі яна ў нас прынясе плёны”, – дадаў іерарх.
Падчас Імшы адбыўся абрад пасыпання попелам галоваў вернікаў, прысутных у святыні. Гэты красамоўны абрад нагадвае нам у чарговы раз аб неабходнасці пакаяння і навяртання ў нашым хрысціянскім жыцці.
Сам попел сімвалізуе нетрываласць, прамінальнасць, смяротнасць, жалобу, боль і крохкасць чалавечага жыцця. Хоць з іншага боку, у сувязі з Хрыстом ён з’яўляецца таксама знакам ачышчэння, адраджэння і ўваскрасення, бо Бог стварыў чалавека з праху зямлі і адрадзіў яго ў Хрысце да новага жыцця. Таму невыпадковы падбор словаў, якія суправаджаюць пасыпанне галоваў попелам: “Ты прах і ў прах вернешся”, або заахвочванне да навяртання ў Хрысце, каб атрымаць новае жыццё ласкі.
Кс. Юрый Марціновіч