
Яе заснавальнік брат Ражэ хацеў праз братэрскае жыццё і малітву рэалізоўваць адзінства ўсіх вучняў Хрыста, незалежна ад іх хрысціянскага вызнання. Зараз супольнасць у Taizé налічвае каля 100 братоў і будуе еднасць праз арганізацыю ва ўсім свеце еўрапейскіх і рэгіянальных спатканняў, якія называюцца “Паломніцтвамі даверу”. Варта адзначыць, што моладзь гродзенскай дыяцэзіі рэгулярна прымае ў іх удзел.
Моладзь душпатырства “OPEN” і гродзенскія прыхільнікі супольнасці Taizé разам з гасцямі ўдзельнічалі ў св. Імшы, цэлебраванай кс. Антоніем Грэмзам, акадэміцкім душпастырам і арганізатарам паломніцтваў з Гродна на моладзевыя спатканні Taizé. У казанні прысутныя ў святыні пачулі заахвочванне да веры ў моц Божага слова ў жыцці хрысціяніна і даверу да Хрыста, які і ў нашы часы робіць цуды, вылечваючы чалавека ад яго фізічных і духоўных хваробаў.
Пасля св. Імшы адбылася супольная малітва ў духу Taizé. Пры запаленых свячах усе разважалі Божае слова і спявалі каноны. Падчас малітвы на розных мовах прагучалі просьбы моладзі аб міры на зямлі, адзінстве ўсіх з Богам і агульнай любові.
Потым госці падзяліліся сваімі ўражаннямі аб Беларусі і расказалі пра тое, што сёння вёска Taizé, якая знаходзіцца на поўдні Францыі, з’яўляецца духоўным цэнтрам жыцця супольнасці братоў і моладзі, якая шукае сэнсу жыцця ў еднасці з Богам і іншым чалавекам. На працягу года ў ёй знаходзіцца хрысціянская моладзь з усёй Еўропы, каб разам маліцца і працаваць. Госці далі сведчанні пра жыццё ў Taizé, паказваючы яго евангельскую прастату і духоўную радасць ад супольнай працы і малітвы разам з братамі супольнасці.
Напрыканцы сустрэчы моладзь з Taizé запрасіла гродзенскую моладзь наведаць іх і бліжэй пазнаёміцца з жыццём моладзі і братоў. У наступныя дні моладзь з Taizé плануе наведаць моладзь у Баранавічах і Мінску, а таксама пагасціць у праваслаўных братоў у Жыровічах.