Skip to main content

Біскуп Юзаф Станеўскі перадаў Святому Айцу прывітанне ад моладзі нашай краіны

papa

31 студзеня на плошчы св. Пятра ў Ватыкане прайшла агульная аўдыенцыя Папы Францішка. У аўдыенцыі са Святым Айцом прынялі ўдзел каталіцкія біскупы Беларусі, якія знаходзяцца ў Рыме з нагоды візіту аd limina Аpostolorum.

Сярод іх былі іерархі з Гродна: біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч і дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі.

На заканчэнне агульнай аўдыенцыі прысутныя на плошчы св. Пятра іерархі з розных частак свету, у тым ліку і з Беларусі, традыцыйна мелі магчымасць асабіста прывітаць Пантыфіка і абмяняцца з ім некалькімі словамі.

У размове з grodnensis.by біскуп Юзаф Станеўскі адзначыў, што ў першы дзень іх візіту ad limina Apostolorum Святы Айцец у сваёй катэхезе засяродзіўся на патрэбе ўважлівага слухання Божага слова і адкрыцця свайго сэрца на яго прыняцце. “Папа жадае нагадаць нам усім, што Божае слова павінна заўсёды быць нашай жыццёвай патрэбай, бо ў ім да нас звяртаецца сам Пан Бог і яно з’яўляецца незаменнай дапамогай, каб не згубіцца ў віры штодзённага жыцця, якое напоўнена па самыя берагі разнастайнымі абавязкамі”, – сказаў іерарх.

watikanБіскуп дадаў, што пасля аўдыенцыі быў час, каб асабіста прывітацца з Папам. Кожнага беларускага іерарха прадставіў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, старшыня епіскапату Беларусі. “Я, як адказны ў нашым епіскапаце за маладых людзей, перадаў Святому Айцу сардэчныя прывітанні ад моладзі нашай дыяцэзіі і нашай краіны, запэўніваючы ў штодзённай малітве ў інтэнцыі Пятра нашых часоў”, – паведаміў іерарх.

Біскуп Юзаф Станеўскі адзначыў, што маладыя людзі нашай краіны ў вялікай колькасці спадарожнічалі Папу падчас Сусветных дзён моладзі ў Кракаве і па меры сваіх магчымасцяў будуць яму спадарожнічаць падчас чарговых СДМ у Панаме.

Кс. Юрый Марціновіч