Skip to main content

Пасол Беларусі пры Святым Пасадзе наведаў Ватыкан

alejnikЗ 8 па 11 студзеня праходзіў візіт у Ватыкан Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Рэспублікі Беларусь у Вялікабрытаніі і пры Святым Пасадзе па сумяшчальніцтве Сяргея Алейніка. Пасол прыняў удзел у аўдыенцыі для дыпламатычнага корпуса, акрэдытаванага пры Апостальскай Сталіцы, падчас якой адбылася яго кароткая размова з Пантыфікам.

У рамках візіту былі праведзены сустрэчы з Дзяржсакратаром Яго Святасці кардыналам Пьетра Паралінам, сакратаром па адносінах Апостальскай Сталіцы з дзяржавамі арцыбіскупам Полам Рычардам Галахерам і старшынёй Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству кардыналам Куртам Кохам. 

Былі абмеркаваны актуальныя пытанні далейшага развіцця двухбаковага супрацоўніцтва, узаемадзеяння ў міжнародных арганізацыях, адбыўся абмен думкамі аб сітуацыі ў рэгіёне, паведамляе прэс-служба Міністэрства замежных спраў Беларусі.

Падчас рабочай сустрэчы беларускага дыпламата з прэфектам Ватыканскай Апостальскай бібліятэкі кс. Чезарэ Пасіні ў дар Ватыканскай бібліятэцы ад Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі было перададзена факсімільнае выданне “Кніжная спадчына Францыска Скарыны".

Паводле be.radiovaticana.va