Skip to main content

У Беластоку выратавалі ад знішчэння каштоўны архіў гродзенскіх брыгітак

 

arhiu br 2Два гады таму польская прафесарка Марыя Каламайска-Саед знайшла ў Гродне скрыню старадаўніх дакументаў - частку архіву гродзенскага кляштара брыгітак. Каштоўныя дакументы, якія рассыпаліся ў руках, удалося захаваць дзякуючы ўдзелу Музея Падляшскага ў Беластоку.

Прафесар Каламайска-Саед — гісторык мастацтва, супрацоўніца польскай Акадэміі навук, якая даследавала помнікі сакральнай архітэктуры на ўсходзе былой Рэчы Паспалітай. Яна даследавала многія касцёлы Беларусі і даўно супрацоўнічае з Музеем Падляшскім.

Знайшоўшы каштоўныя дакументы ў Гродне, яна адразу звязалася з музеем. Беластоцкая ўстанова ў рамках міністэрскіх праграм атрымлівае гранты на такую дзейнасць — ратаванне польскай спадчыны за межамі Польшчы.

arhiu br 1

Дакументы рассыпаліся ў руках

Дырэктар музея Анджэй Лехоўскі кажа, што не задумваўся ані на хвіліну:

"Нельга было чакаць, папера літаральна рассыпалася ў руках".

Музей атрымаў 28 тысяч злотых ад Міністэрства культуры, яшчэ частку грошай выдзелілі улады Падляшскага ваяводства. Агулам праца каштавала больш за 30 тыс. злотых

Выратаваныя дакументы вернуцца ў Гродна — у Гісторыка-археалагічны музей. У канцы 2018 года там нават можа прайсці выстава, прысвечаная выратаванаму архіву брыгітак. У Беластоку застануцца копіі дакументаў, іх перавядуць у лічбавы фармат і перададуць у дзяржаўны архіў.

arhiu br 4

Каштоўнасці з 16 да 20 ст.

Усяго ў Гродне былі знойдзены 497 картак дакументаў. Іх аднаўляла спецыялізаваная рэстаўрацыйная майстэрня з Варшавы.

Але гэта толькі дробная частка архіву кляштара. Рэшта наогул загінула невядома дзе. А там былі надзвычай каштоўныя кнігі і дакументы.

Захаваныя дакументы паходзяць з розных эпох — ад 16 да 20 ст. Сярод іх — правілы ордэну, падрабязныя рэгламенты жыцця манашак, зборнікі малітваў і спеваў, спісы нерухомасці, што належала да кляштара.

Частка дакументаў па-польску, частка па-руску. На польскай мове вялася ўнутраная перапіска, на рускай — перапіска з чыноўнікамі. Ёсць запісы аб аплаце "за свечкі", "крупу", "за бычка-адналетка".

arhiu br 3

Большасць архіву знікла

Каштоўны архіў брыгітак, які ствараўся ад 1634 года, калі паўстаў кляштар у Гродне, каталагізавалі манашкі назарэтанкі ў 1925 годзе. Пасля 1950 года, калі кляштар перарабілі на псіхіятрычны шпіталь, вялікая частка архіву загінула.

Паводле Hrodna.life