Skip to main content

14 лютага – святых Кірыла і Мяфодзія

14 лютага 1981 г. Святы Айцец Ян Павел II асабіста цэлебраваў эўхарыстычную літургію ў базыліцы св. Кляменса, дзе ў ніжнім касцёле знаходзіцца гроб св. Кірыла. Падчас літургіі Ян Павел II звярнуўся да прысутных з узнёслай гаміліяй у гонар абодвух святых, нагадваючы пра тое, што кім для Заходняй Еўропы быў Бенедыкт, тым для Усходняй былі святыя Кірыл і Мяфодзій.
Кірыл і Мяфодзій выконвалі сваю апостальскую паслугу сярод славян у еднасці з патрыярхальным Касцёлам у Канстантынопалі і рымскім Касцёлам, які пацвердзіў іх місію. Такім чынам яны пасведчылі еднасць Касцёла. Яны таксама ўвялі ў літургію славянскую мову, якая адлюстроўвалася грэчаскім алфавітам. Гэтае пісьмо назвалі глаголіцай. Потым адзін з вучняў св. Мяфодзія ўвёў у гэтае пісьмо прапісныя грэчаскія літары. Такое пісьмо назвалі кірыліцай. Так паўстала славянская пісьменнасць.
У Рыме, у базыліцы св. Кляменса, папы, у апсідзе верхняга касцёла можна ўбачыць вялікую сярэднявечную мазаіку, якая прадстаўляе Хрыста, а побач з Ім – святых братоў. У гэтай жа базыліцы яны маюць багата паліхрамаваную капліцу, у якой прыгаданы сцэны з жыцця абодвух святых.
Вялікіх Апосталаў славян прыгадалі ў сваіх урачыстых прамовах папы Ляон XIII, Піус XI, Ян XXIII, Павел VI, Ян Павел II, узводзячы іх штогадовы ўспамін у ранг свята і аб’яўляючы апекунамі Еўропы.