У чарговы раз моладзь з парафіі Св. Мікалая, біскупа, у Геранёнах (Іўеўскі дэканат) на свята Божага Нараджэння паказала батлейку для мясцовых вернікаў. Кожны год дзеці і моладзь прадстаўляюць батлейку ў розных стылях і формах.
Сёлета ўдзельнікі батлейкі запрасілі гледачоў на прадстаўленне пра прынцэсу, якая, вандруючы па планетах, наведвае Зямлю перад святам Божага Нараджэння з мэтай пакланіцца маленькаму Езусу.
У пошуках стаенкі галоўная гераіня сустракае жанчыну, якая спяшаецца матэрыяльна падрыхтавацца да святаў. Сустрэўся прынцэсе таксама багач, які лічыў, што ўсё можна купіць за грошы.
Вельмі здзіўленай пасля сустрэчы з галоўнай гераіняй была адна дзяўчына, якой не давала супакою пытанне прынцэсы аб любові: “Можа, ты сустракала Любоў? Можа, ведаеш да Яе дарогу?” Адназначна адказаўшы “не”, дзяўчына пачынае разважаць над гэтымі пытаннямі.
Напрыканцы прадстаўлення прынцэса рэалізоўвае сваю мэту – знаходзіць стаенку з Нованароджаным Езусам. Яна просіць Бога напоўніць яе маладое сэрца любоўю, каб занесці яе людзям туды, дзе яе не хапае.
“Я прымаю ўдзел у пастаноўках на Божае Нараджэнне ўжо не ўпершыню. Мне гэта вельмі падабаецца. Але ў чарговы раз перажываю. Трэба выйсці на сцэну і перадаць унутраны свет прынцэсы. Неабходна паказаць, што Любоў у наш свет прыносіць маленькі Езус, які сёння нарадзіўся ў яслях”, – дзеліцца ўражаннямі галоўная гераіня батлейкі Анастасія Янушка.
Удзельнікі сцэнкі павіншавалі ўсіх вернікаў са святам Божага Нараджэння, прыносячы кожнаму гледачу сваё сэрца з пажаданнем веры, надзеі, любові, супакою, дабрыні і радасці.
Анастасія Мішкура