27 снежня ў парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Квасоўцы адбылася святочная сустрэча міністрантаў дэканата Гродна-Захад. У ёй прынялі ўдзел больш за 80 міністрантаў, якія прыбылі разам са сваімі душпастырамі.
Сустрэча пачалася святой Імшой у парафіяльным касцёле, якую ўзначаліў дэкан дэканата Гродна-Захад кс. Ян Рушніцкі. У гаміліі святар адзначыў, што прыналежнасць да літургічнай службы алтара з’яўляецца вялікай ласкай, якую дае Бог, і адначасова прывілеем быць блізка да Бога падчас Эўхарыстыі.
“Патрэбна вялікая адвага для кожнага міністранта, каб не баяцца служыць Езусу ля алтара і несці Яго іншым людзям”, – дадаў кс. Рушніцкі. Святар пажадаў, каб усе міністранты дэканата былі добрым прыкладам для іншых дома, у школе і на вуліцы і паказвалі, што маюць Езуса ў сваім сэрцы.
Пасля Імшы міністранты дзяліліся аплаткай, складаючы віншаванні адзін аднаму.
Потым удзельнікі сустрэчы рушылі да мясцовай школы, дзе адбыўся турнір міністрантаў дэканата па міні-футболе. Там яны маглі праявіць свае спартыўныя здольнасці, гуляючы ў дзвюх узроставых катэгорыях.
Па выніках гульні былі вызначаны пераможцы.
Старэйшая група (8-11 класы)
1 месца – парафія Найсвяцейшай Панны Марыі Вастрабрамскай Маці Міласэрнасці (Гродна – Аўгустовак)
2 месца – парафія Св. Станіслава, біскупа, і св. Максімільяна Марыі Кольбэ (Каробчыцы)
3 месца – парафія Божай Міласэрнасці (Гродна – Вішнявец)
4 месца – парафія Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі (Квасоўка)
5 месца – парафія Найсвяцейшай Тройцы (Індура)
Малодшая група (1-7 класы)
1 месца – парафія Божай Міласэрнасці (Гродна – Вішнявец)
2 месца – парафія Святога Духа (Гродна – Альшанка)
3 месца – парафія Маці Божай Анёльскай (Гродна)
4 месца – парафія Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі (Квасоўка)
5 месца – парафія Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі (Гродна – Паўднёвы)
Кс. Юрый Марціновіч