20 снежня ў парафіі Святой Сям'і ў Лідзе адбылася аплаткавая сустрэча святароў і сясцёр законных, якія служаць у Гродзенскай дыяцэзіі. Сустрэчу ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.
Сустрэча пачалася канферэнцыяй, падчас якой духоўных асобаў заклікалі да радасці, што паходзіць са штодзённага служэння Богу і людзям, і да адважнага прапаведвання Добрай Навіны, якая скіравана да кожнага чалавека.
Ад імя ўсіх святароў і сясцёр законных дыяцэзіі віншаванні біскупу Гродзенскаму выказаў кс. кан. Уладзімір Гуляй, біскупскі вікарый Лідскага рэгіёна. Святар адзначыў, што гэты асаблівы час, які набліжаецца і нагадвае таямніцу ўцелаўлення Сына Божага, з’яўляецца чарговай нагодай, каб “адкрыць праўду, што Езус Хрыстус з’яўляецца Богам для нас”.
“Не дазволім скрасці надзею, якую пакладаем у Божай міласэрнасці, каб яна дала нам сілу стаць дзецьмі Божымі”, – дадаў кс. Уладзімір Гуляй.
Біскуп Аляксандр Кашкевіч падзякаваў усім святарам i сёстрам законным дыяцэзіі за ахвярнае служэнне ў сваіх парафіяльных супольнасцях і за ўсе душпастырскія ініцыятывы.
Іерарх нагадаў, што гэты год быў багатым на розныя падзеі ў Касцёле на Гродзеншчыне, падкрэсліўшы тую гістарычную падзею, якой стала адкрыццё І Сінода Гродзенскай дыяцэзіі.
Біскуп адзначыў, што кожная асоба, пакліканая да служэння ў Касцёле, атрымала спецыяльную місію ад Бога, каб быць асаблівым святлом. Таму іерарх пажадаў, каб кожны святар і манахіня былі святлом для людзей, давераных ім.
“Будзем жыць Хрыстовым Евангеллем і будзем сапраўдным святлом для чалавечых сэрцаў, указваючы іншым шлях да Бога”, – дадаў біскуп.
Святары Гродзенскай дыяцэзіі, утвараючы вялікую асаблівую “святарскую сям’ю”, і сёстры законныя ў гэты дзень дзяліліся аплаткай і складалі адзін аднаму святочныя віншаванні.
Гэта першая аплаткавая сустрэча духавенства Гродзенскай дыяцэзіі перад святамі Божага Нараджэння. Другая адбудзецца 22 снежня ў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне.
Кс. Юрый Марціновіч