19 снежня ў катэдральны касцёл св. Францішка Ксаверыя ў Гродне быў унесены Бэтлеемскі агонь міру, які даставілі харцэры з польска-беларускай мяжы. Менавіта з Гродна распачынае Бэтлеемскі агонь сваю вандроўку па нашай краіне.
У найбліжэйшыя гадзіны і дні ён дасягне іншых гарадоў Беларусі. Агонь разносяць беларускія скаўты. Ён будзе занесены таксама ў шпіталі, хоспісы, а найперш да састарэлых, самотных і пакінутых людзей. У Беларусь Бэтлеемскі агонь прыбыў ужо ў 18-ы раз.
Бэтлеемскі агонь прыняў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. На набажэнстве cабраліся вернікі Гродна i ваколіц, каб узяць агонь у свае дамы на вігілійны стол, дзе ён будзе нагадваць аб Уцелаўленні Божага Сына.
Падчас набажэнства перадачы Бэтлеемскага агню біскуп Кашкевіч нагадаў, што сёлетняя акцыя Бэтлеемскага агня міру адбываецца пад дэвізам: “У Табе ёсць святло”.
Ік адзначыў іерарх, гэтыя словы нагадваюць праўду аб тым, што гэтае асаблівае святло заўсёды паходзіць ад Бога i ўказвае на глыбокае пранікненне ў чалавечае жыццё святла Езуса, якое “асвятляе цемру”. “Кожны з нас незалежна ад свайго ўзросту можа стаць чалавекам, які нясе святло, значыць нясе Езуса ў свет”, – патлумачыў біскуп.
Іерарх дадаў, што гэтая прыгожая акцыя мае між іншым евангелізацыйны характар, яе мэта – дайсці да людзей, месцаў вучобы і працы з Добрай Навіной, і трэба мець у сабе як найбольш Божага святла.
“Чым больш мы самі маем святла Езуса, чым больш гэтага святла ў нашых сем’ях, тым больш наша супольнасць жывая, а місія – праўдзівая”, – сказаў біскуп.
Гродзенскі ардынарый заклікаў прысутных перадаваць агонь для распальвання ў іншых святлa, “якое ёсць у нас, каб людзі, якія арыентаваны на святло, верылі не ў цемру, а ў яснасць дня; каб не паддаваліся ночы, але мелі надзею на ранак; каб не пакарыліся злу і заўсёды верылі ў бясконцыя магчымасці дабра”.
“Углядаючыся сёння ў ззянне гэтага святла, адкрыем нашы сэрцы, адчынім нашы дзверы, зірнем праз вокны нашых дамоў, школ, касцёлаў, месцаў працы і не адвядзем нашых рук ад іншага чалавека, які ў патрэбе, ад бяды і няшчасця”, – заахвоціў біскуп.
Іерарх падкрэсліў, што святы Божага Нараджэння з’яўляюцца асаблівым часам, каб радаснае пасланне з Бэтлеема дасягнула ўсіх з новай моцай, бо cучасны чалавек і свет маюць патрэбу ў гэтым святле.
Біскуп падзякаваў скаўтам за гэты цудоўны знак агню, які злучае нашу краіну з Айчынай Езуса, святым месцам, у якім Сын Божы прыйшоў у свет. “Нягледзячы на вялікую геаграфічную адлегласць, яно духоўна блізкае кожнаму з нас, а дзякуючы гэтаму агню стала яшчэ больш блізкім і дарагім”, - дадаў гродзенскі ардынарый.
Іерарх папрасіў усіх прысутных жыхароў Гродна занесці гэты агонь не толькі ў свае дамы, але таксама да людзей самотных, абцяжараных цярпеннем з прычыны хваробы або пажылога ўзросту. “Няхай Бэтлеемскі агонь заззяе ў шпіталях і хоспісах, у дзіцячых дамах і інтэрнатах, у дамах сацыяльнай апекі і ўсюды, дзе гэты знак прынясе радасць і надзею, а таксама нагадае праўду аб Езусе Хрысце, які жадае быць блізка да кожнага з нас”, - сказаў біскуп.
У гэты дзень вернікі ўзялі Бэтлеемскі агонь у свае дамы, каб пастаянна нагадваць сабе і іншым, што трэба быць святлом і чэрпаць гэтае святло ад Таго, які сказаў пра сябе: “Я — святло свету. Хто ідзе за Мною, той не будзе хадзіць у цемры, але будзе мець святло жыцця” (Ян 8, 12).
Кс. Юрый Марціновіч
Фота: Ангеліна Марцішэўская