Skip to main content

Сяброўская сустрэча каталіцкай моладзі адбылася ў Лідзе

 

salezijanie 139 снежня салезіянская моладзь са Смаргоні здзейсніла пілігрымку да Маці Божай у Ліду. Пілігрымаў прымала моладзь парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Лідзе разам з кс. Дзянісам Бразінскім.

У перыяд Адвэнту хлопцы і дзяўчаты з Ліды і Смаргоні пажадалі перажыць дзень духоўнага аднаўлення.

Сустрэча пачалася момантам знаёмства, каб пасля, як адна сям’я, разам, у духу адзінства перажыць адарацыю Хрыста ў Найсвяцейшым Сакрамэнце, сустрэцца з Ім у канфесіянале і прыняць Яго падчас святой Імшы.

Адарацыя праходзіла ў цішыні. Кожны сам-насам з Богам мог паразважаць над уласным жыццём і адносінамі з Найвышэйшым. Папярэдне с. Вероніка Огар FMA, прамаўляючы канферэнцыю, заахвоціла задумацца над тым, як мы рыхтуем дарогу Пану. Перажыўшы першы тыдзень Адвэнту, увайшоўшы ў атмасферу чування, варта перагледзець умовы, якія ствараем навокал сябе, даць час і месца цішыні.

salezijanie 17

Пасля духоўнага ўмацавання настаў час для фізічнага пасілку. За абедам маладыя людзі маглі бліжэй пазнаёміцца, падзяліцца вопытам, які перажываюць у сваіх парафіях, марамі і планамі на будучыню.

Святы Ян Боско заклікаў крочыць да святасці праз радасць. Таму наступным момантам праграмы былі гульні ў сямейнай цёплай атмасферы. На завяршэнне кожны атрымаў абразок з выявай Маці Божай, урачыстасць Беззаганнага Зачацця якой святкавалі напярэдадні, з пажаданнем ісці за Яе прыкладам, не баяцца давяраць Богу, які падрыхтаваў для нас найцудоўнейшыя рэчы, і быць слугамі, гатовымі заўсёды і ў кожнай сітуацыі выконваць Яго волю.

С. Вероніка Огар FMA