Рэлігійная місія “Дабрачыннае каталіцкае таварыства Карытас” Гродзенскай дыяцэзіі праводзіць перад святамі Божага Нараджэння штогадовую дабрачынную акцыю “Калядная свечка”.
Сабраныя сродкі пойдуць на дапамогу сацыяльна неабароненым дзецям. Кожны, хто хоча дапамагчы дзецям, якія знаходзяцца ў патрэбе, мае такую магчымасць далучыцца да дабрачынных спраў “Карытас”.
Дырэктар гродзенскага “Карытас” кс. Раман Рачко адзначыў, што сабраныя ахвяраванні будуць накіраваны на дапамогу дзецям, якія знаходзяцца ў патрэбе: сіротам, паўсіротам, дзецям з малазабяспечаных і шматдзетных сем’яў, дзецям і моладзі, якія з’яўляюцца інвалідамі.
Штогод дзякуючы служэнню “Карытас” сотні дзяцей маюць магчымасць удзельнічаць у летніх аздараўленчых лагерах, наведваць пазнавальныя экскурсіі, удзельнічаць у працы навучальных груп, творчых гурткоў у дзіцячых сацыяльных лагерах, прымаць удзел успецыяльных святах, атрымліваць адрасную дапамогу.
З пачаткам Адвэнту такія свечкі распаўсюджваюцца ва ўсіх парафіях Гродзенскай дыяцэзіі, і далучыцца да акцыі могуць усе вернікі і людзі добрай волі.
Дабрачынная акцыя “Калядная свечка” праходзіць у Беларусі ўжо многія гады. З кожным годам да акцыі далучаецца ўсё больш вернікаў, а значыць, усё большай колькасці дзяцей удаецца дапамагчы.
Кс. Юрый Марціновіч