Skip to main content

Гадавіна кансэкрацыі катэдральнага касцёла ў Гродне: адчуваць сябе адной сям’ёй

 

kansekracyja ksc 125 снежня ў катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне адбылася ўрачыстая святая Імша ў чарговую гадавіну кансэкрацыі святыні.

У Імшы, якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, прынялі ўдзел старшыні сінадальных камісій І Сінода Гродзенскай дыяцэзіі, канонікі Катэдральнага капітула, а таксама шматлікія вернікі.

На пачатку Эўхарыстыі біскуп Кашкевіч заклікаў прысутных да асаблівай малітвы ў інтэнцыі ўсіх архітэктараў, будаўнікоў і ахвярадаўцаў катэдральнага касцёла, які з кожным годам становіцца ўсё прыгажэйшым.

Іерарх адзначыў, што катэдра ў Гродне мае багатую гісторыю і доўгі спіс асобаў, якія ў цяжкія часы баранілі святыню і клапаціліся аб тым, каб яна была захавана для наступных пакаленняў.

“Сёння мы дзякуем Пану Богу за дар нашай катэдральнай базылікі, якая з’яўляецца “маці” ўсіх іншых касцёлаў нашай дыяцэзіі. Дзякуем і за тых адважных вернікаў, якія з вялікай руплівасцю і адданасцю баранілі гэты касцёл, каб сёння мы мелі гэтае асаблівае месца малітвы”, – дадаў біскуп.

Гамілію прамовіў кс. кан. Уладзімір Гуляй, біскупскі вікарый Лідскага рэгіёна, які падкрэсліў значэнне і важнасць у жыцці дыяцэзіі катэдральнага касцёла. “Гэтая катэдра – як і кожны касцёл, пабудаваны з цэглы, камення ці дрэва, – з’яўляецца вобразам Касцёла, якім ёсць вернікі, якім мы ўсе з’яўляемся”, – сказаў святар.

kansekracyja ksc 9

Ксёндз Гуляй падкрэсліў, што гэтая святыня, пабудаваная з камення і цэглы, не толькі з’яўляецца вобразам духоўнага Касцёла, але і “павінна дапамагаць вернікам будаваць гэты Касцёл, нашмат важнейшы, Касцёл нашых сэрцаў, у якім хоча прабываць Бог”.

“Бо Хрыстовы Касцёл моцны, прыгожы не столькі веліччу будынка, колькі найперш веліччу і багаццем нашых сэрцаў. І асабліва гэты духоўны Касцёл павінен быць вялікі і прыгожы. Ён павінен быць пабудаваны на трывалым фундаменце нашай веры”, – заўважыў ксёндз канонік.

Святар адзначыў, што будаўнічым матэрыялам гэтага Касцёла чалавечых сэрцаў павінна быць жыццё сапраўды хрысціянскае, а яго аздабленнем – цноты, найперш любоў да Бога і бліжняга.

kansekracyja ksc 4

Святар падкрэсліў, што ў катэдральнай святыні ўсе дыяцэзіяне павінны адчуваць сябе адной сям’ёй, братамі і сёстрамі, якія маюць аднаго Айца, і нанова ўсведамляць неабходнасць любові, якая павінна ўсіх яднаць.

“Калі мы здолеем пабудаваць з нашых сэрцаў святыню, у якой сапраўды будзе прабываць Бог, у чым нам павінны дапамагчы касцёлы з цэглы і камення, то гэты цудоўны Госць нашых сэрцаў, ведучы нас да Нябеснай Айчыны, будзе асаблівым чынам фармаваць наша сумленне”, – дадаў кс. Гуляй.

У гэтым годзе адзначалася 312-я гадавіна кансэкрацыі катэдральнага касцёла, якая адбылася ў 1705 г. Менавіта тады хэлмінскі біскуп Тэадор Патоцкі ў прысутнасці польскага караля Аўгуста II і рускага цара Пятра I кансэкраваў касцёл, надаючы яму тытул св. Францішка Ксаверыя.

basilica minor 3

Кс. Юрый Марціновіч 

 Фота: Ангеліна Марцішэўская