4 снежня ў парафіі Спаслання Святога Духа ў Бярозаўцы (Навагрудскі дэканат) адзначалася 25-годдзе служэння ў парафіі манахінь з Кангрэгацыі Сясцёр Францішканак ад Церпячых. Ужо столькі гадоў яны, згодна з харызматам сваёй супольнасці, сеюць мір і дабро у сэрцах людзей.
Урачыстую святую Імшу падзякі за служэнне сясцёр узначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. У ёй удзельнічалі шматлікія парафіяне, якім шмат гадоў ахвярна служаць манахіні, і святары.
У гэты дзень парафіяне скіравалі свае віншаванні сёстрам, якія ў парафіі прысутнічаюць практычна з моманту яе паўстання і прыбылі па запрашэнні кс. Андрэя Стапыры, які быў тады пробашчам і будаўніком святыні.
Словы ўдзячнасці сёстрам выказаў і біскуп Кашкевіч. Іерарх дзякаваў за ўсялякі ўдзел у штодзённым жыцці і місіі Касцёла, а асабліва за дапамогу патрабуючым і ў цярпенні.
З гісторыі супольнасці
Кангрэгацыя Сясцёр Францішканак ад Церпячых, першапачатковая назвай якой была “Сёстры Церпячых”, з’яўляецца манаскай супольнасцю, створанай бл. Ганаратам Казьмінскім. Яна ахоплівае сваёй дзейнасцю шмат сфер грамадскага жыцця і пад сцягам розных дабрачынных арганізацый і таварыстваў здзяйсняе сваю апостальскую і грамадскую дзейнасць у гарадах і вёсках.
Датай паўстання Кангрэгацыі лічыцца 26 красавіка 1882 г. Кангрэгацыя Сясцёр Францішканак ад Церпячых укаранёна ў францішканскай духоўнасці. Благаслаўлёны Ганарат, верны сын св. Францішка Асізскага, пішучы ўставы для ўкрытых супольнасцяў, абапіраўся на Рэгулы Трэцяга Францішканскага Ордэну і чэрпаў з духу св. Францішка.
Кангрэгацыя Сясцёр Францішканак ад Церпячых – супольнасць, пакліканая да наследавання ўкрытага жыцця Пана Езуса і Яго Беззаганнай Маці. Кожная сястра гэтай супольнасці павінна імкнуцца да таго, каб, ідучы праз жыццё, чыніць дабро і быць сярод людзей евангельскай закваскай і знакам, які ўказвае Хрыста, асабліва аздараўляючага хворых і аказваючага міласэрнасць усім церпячым.
Гэта бесхабітовая супольнасць, пакліканая несці міласэрную любоў Хрыста ўсім бедным, хворым, самотным, церпячым.
Кс. Юрый Марціновіч