2 снежня ў парафіяльным касцёле св. Міхала Арханёла ў Гнезне (Ваўкавыскі дэканат) адбылася святая Імша ў інтэнцыі кс. каноніка Людвіка Станішэўскага ў першую гадавіну яго смерці.
У Імшы, якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, прыняло ўдзел духавенства, а таксама парафіяне, якім з вялікай руплівасцю і адданасцю на працягу 27 гадоў служыў спачылы святар.
У гаміліі кс. Юрый Марціновіч, адказны за сродкі масавай інфармацыі Гродзенскай дыяцэзіі, адзначыў, што жыццё чалавека павінна быць нястомным чуваннем і што трэба адпаведна выкарыстаць кожную яго хвіліну.
“Час, які дае нам Пан Бог, з’яўляецца заданнем і вялікай таямніцай – бо ніхто з нас не выбраў сабе часу, калі яму давялося прыйсці ў свет ці жыць на гэтым свеце, і ніхто з нас не ведае дня, калі памрэ”, - сказаў святар.
Ксёндз Марціновіч дадаў, што ўсё жыццё чалавек вучыцца распараджацца сваім часам такім чынам, каб не было сорамна перад Богам у тую гадзіну, калі Ён пакліча да сябе.
На заканчэнне Імшы пробашч парафіі кс. Раман Ялоўчык падзякаваў духавенству за святарскую салідарнасць і малітву ў інтэнцыі спачылага святара, а вернікам – за жывую памяць аб сваім папярэднім пробашчы, а найперш за нястомную малітву аб ім.
З біяграфіі спачылага святара
Жыццё кс. Людвіка Станішэўскаша было цесна звязана з нашай зямлёй. Ён нарадзіўся ў в. Талькоўка каля Ваўкавыска 8 ліпеня 1945 г., калі завяршыўся час вайны. Быў ахрышчаны ў парафіяльным касцёле ў Воўпе.
У 1957 г. ён разам з бацькамі выехаў у Польшчу. Пасля заканчэння харчовага тэхнікума ў Гданьску працаваў пекарам. У 1971 г. пачаў вучобу ў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Госцікаве-Парадыжы. Прэзбітэрскае пасвячэнне прыняў 8 мая 1977 г. Быў вікарыем і пробашчам у многіх парафіях у Польшчы.
У 1989 г. зноў прыехаў на сваю родную зямлю, на гэты раз на пахаванне свайго дзядзькі кс. Рышарда Вербеля, які 50 гадоў працаваў у парафіі ў Росі, і застаўся там. Бачачы вернікаў, якія прагнулі Бога, кс. Людвік не мог быць да гэтага абыякавым. Яму вельмі цяжка было пакінуць людзей без Евангелля і сакрамэнтаў, без душпастырскай апекі і ціхага спадарожнічання ў цяжкія хвіліны жыцця. Сам ён пазней пісаў свайму тагачаснаму біскупу Ігнацыю Ежу, каб даў згоду на яго служэнне ў Беларусі, што яму “было шкада народа, які застаўся без душпастыра”.
З вялікай руплівасцю і маладым запалам ён адказаў на просьбу біскупа наміната Тадэвуша Кандрусевіча і прыняў новыя абавязкі, абслугоўваючы адразу пяць парафій: у Гнезне, Росі, Мсцібаве, Шыдловічах і Воўпе. З часам у некаторыя парафіі былі скіраваны новыя святары, таму ў кс. Людвіка засталася толькі гнезненская парафія, у якой з 1989 г. практычна да смерці ён быў пробашчам.
У 2016 годзе быў прызначаны ганаровым канонікам Гродзенскага катэдральнага капітула Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Казіміра.
Kсёндз канонік Людвік Станішэўскi адышоў у жыццё вечнае пасля цяжкай хваробы 2 снежня 2016 года. Пахавальная святая Імша і пахаванне адбыліся 5 снежня 2016 года ў парафіі Св. Рафала Каліноўскага ў Элку.
JM