Штогод апошнія дні літургічнага календара ў семінарыйнай супольнасці ў Гродне перажываюцца з усмешкай на тварах. Навучэнцы дзеляцца з выхавацелямі радаснымі момантамі семінарыйнага жыцця, інсцэніруюць розныя недарэчныя здарэнні за мінулы год, а таксама вучацца майстэрству смяяцца з сябе і заўважаць камічныя бакі ў розных штодзённых з’явах.
Гэты год не стаў выключэннем для Вышэйшай духоўнай семінарыі. 2 снежня ў актавай зале імя Яна Паўла II адбыліся “Андрэйкі”. Гэта свята, якое пакідае пасля сябе безліч незабыўных эмоцый і ўспамінаў, а таксама скарачае адлегласць паміж удзельнікамі і дапамагае будаваць братэрскую супольнасць у духу сапраўднага даверу, узаемападтрымкі і любові.
Семінарыйная супольнасць удзячна ўсім тым, хто далучыўся да арганізацыі мерапрыемства, якое, несумненна, аднавіла духоўныя сілы будучых святароў для далейшай падрыхтоўкі сваіх сэрцаў да вельмі важнага перыяду чакання Пана – Адвэнту.
Яўген Амасёнак, семінарыст