22 лістапада на ўспамін св. Цэцыліі, панны і мучаніцы, апякункі касцёльнай музыкі, у гродзенскай парафіі Божай Міласэрнасці (Вішнявец) адбылася ўрачыстая святая Імша.
Падчас Эўхарыстыі, якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, асаблівым чынам маліліся ў інтэнцыі ўсіх арганістаў, харыстаў і касцёльных музыкаў дыяцэзіі. „Сёння мы дзякуем Пану Богу за наш дыяцэзіяльны хор „Cantate Domino”, які сваім спевам упрыгожвае нашы ўрачыстасці ў краіне і за мяжой. Дзякуем за кожнага члена гэтага хору і за яго дзейнасць”, – сказаў іерарх.
Музычнае аздабленне Імшы падрыхтаваў гродзенскі хор “Cantate Domino”.
Гамілію прамовіў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі, які распавёў пра постаць св. Цэцыліі, да якой асаблівым чынам звяртаюцца тыя, хто звязаны з музыкай і спевам. Іерарх адзначыў, што св. Цэцылія – не першая асоба старажытнага Касцёла, для якой смерць дзеля Хрыста была натуральным вызнаннем веры.
“Святая Цэцылія была не толькі слухачом словаў Праўды: яна будавала на Евангеллі – на Хрысце, будавала ўласны дом на скале. Арышт, спачуванне салдат, слёзы родных і сяброў, гвалтоўны гнеў намесніка абрынуліся на гэты дом, але ён не быў зруйнаваны, бо быў узведзены на скале веры”, - дадаў біскуп.
Іерарх паставіў у гаміліі пытанні: “ці здольны хтосьці так любіць сёння?”, “хто ў стане так верыць?” і “хто мае такую надзею, якую мела ўзгаданая ў літургіі святая?” Адказаць на гэтыя пытанні біскуп заахвоціў кожнага ва ўласным сэрцы і прасіў вучыцца гэтым адказным і годным наследвання паводзінам у святой Цэцыліі ў штодзённым жыцці.
Звяртаючыся да ўдзельнікаў хору "Cantate Domino", харыстаў, музыкаў, арганістаў, касцёльных музычных супольнасцяў, біскуп Станеўскі заклікаў іх развіваць свае таленты, якімі Бог адарыў кожнага чалавека. “Не марнуйце талентаў, атрыманых ад Пана Бога. Спявайце Пану з воклічамі радасці”, – дадаў іерарх.
Кс. Юрый Марціновіч