Skip to main content

У Даўнарах асвяцілі крыж, што быў усталяваны з нагоды адкрыцця першага Сіноду ў Гродзенскай дыяцэзіі

daunary 216 лістапада – асаблівы дзень у жыцці Kасцёла на Гродзеншчыне. Па-першае, у гэты дзень вернікі святкавалі ўрачыстасць Маці Божай Міласэрнасці. Па-другое, распачаўся першы дыяцэзіяльны Сінод. Для вернікаў Лаздунскай парафіі гэты дзень таксама асаблівы, таму што капліца у вёсцы Даўнары мае сваёй апякункай Маці Божую Вострабрамскую.

Каб ушанаваць Нябесную Маці і папрасіць яе заступніцтва на кожны дзень, пробашч парафіі кс. Анджэй Бурак і ўсе вернікі сабраліся разам на святую Імшу. У гаміліі ксёндз-пробашч засяродзіў увагу вернікаў на постаці Маці Божай Міласэрнасці.

“Калі гаворым пра Маці Божую Міласэрнасці, то напэўна кожны адразу духоўна яднаецца са сталіцай Божай Міласэрнасці, з Вільняй. Бо менавіта там знаходзіцца арыгінальны абраз Маці Божай Вострабрамскай, а таксама там быў намаляваны абраз Езуса Міласэрнага. Гаварыць пра Маці Божую можна бясконца. І напэўна кожны з нас атрымаў шмат патрэбных ласк праз яе заступніцтва”, — адзначыў святар.

Пра Маці Божую Міласэрнасці, як сказаў ксёндз Анджэй, успамінаецца яшчэ ў Старым Запавеце: “У кнізе Быцця, калі Бог выгнаў з раю першых людзей, якія зграшылі, гаворыцца, што прыйдзе на свет жанчына, якая знішчыць галаву шатану. А гэта ніхто іншы, як Маці Божая Міласэрнасці. Часта на абразках можна ўбачыць Божую Маці, якая стаіць на зямным шары, а пад нагамі ў яе знаходзіцца змей”.

У гаміліі святар таксама выказаў наступную думку: “Чалавек ХХІ ст., нягледзячы на ўсе дасягненні тэхнічнага прагрэсу, з’яўляецца вельмі бездапаможным. Усе намаганні марныя, калі чалавек не спадзяецца на Бога і не просіць заступніцтва ў Маці Божай. Вельмі часта так здараецца, што чалавек патрэбны камусьці толькі тады, калі можа прынесці нейкую карысць, альбо калі займае пэўную пасаду. А калі ён застаецца без працы, без матэрыяльнага дастатку, то ўсе ад яго адварочваюцца, але толькі не Маці Божая”

“Таму сёння просім Маці Божую Міласэрнасці, каб Яна пахілілася над кожным з нас і атуліла сваім плашчом матчынай апекі”, – заклікаў сваіх вернікаў ксёндз-пробашч.

daunary 1

Пасля ўрачыстай святой Імшы быў асвечаны крыж, усталяванне якога было прымеркавана да такой знакавай падзеі, як адкрыццё першага Сіноду ў Гродзенскай дыяцэзіі. Вернікі Лаздунскай парафіі разам з ксяндзом Анджэем памаліліся ля крыжа ў інтэнцыі Сіноду і яго плённай працы.

Паводле Catholicnews.by