
У пачатку Эўхарыстыі пастыр нашай дыяцэзіі асвяціў прынесеныя вернікамі свечы, а потым у касцёле адбылася працэсія з запаленымі свечкамі. У гаміліі кс. біскуп гаварыў пра значэнне свята. Іерарх прыгадаў таксама, што гэты дзень Слуга Божы Ян Павел II устанавіў Сусветным днём кансэкраванага жыцця. У гаміліі кс. біскуп заахвоціў шматлікіх вернікаў, каб яны адкрылі свае сэрцы на Хрыста, які ёсць Святло. “Свет патрабуе Святла, якое асвячае жыццё і паказвае праўду”, – сказаў біскуп. На заканчэнне св. Імшы адбылося выстаўленне Найсвяцейшага Сакрамэнту і малітва Ларэтанскай літаніяй.
Грамніца займае ў каталіцкай пабожнасці асаблівае месца. Грамніца – таму што ахоўвае ад грому; яе запальваюць падчас навальніцы, каб святло бараніла ад перуноў. Свечку атрымлівае дзіця падчас святога хросту, калі яшчэ не можа трымаць яе ўласнымі ручкамі. Потым гэтая свяча суправаджае чалавека ўсё яго жыццё ў розных абставінах, каб напрыканцы жыццёвага шляху ён мог трымаць яе падчас скону.