19 лістапада ў парафіi Св. Яна Хрысціцеля ў Воўпе (Мастоўскі дэканат) адбылася адпустовая ўрачыстасць. Вернікі ўшанавалі ў гэты дзень Найсвяцейшую Панну Марыю, Маці Міласэрнасці, абраз якой ужо шмат гадоў знаходзіцца ў бакавым алтары святыні.
Абраз Маці Божай Вастрабрамскай, перад якім моляцца вернікі, паходзіць з пачатку ХХ ст.
Урачыстую святую Імшу ўзначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. Іерарха, які ўпершыню як біскуп наведаў парафіяльную святыню, прывітаў пры ўваходзе пробашч парафіі кс. Віктар Мыслюк.
Святар адзначыў, што прысутнасць біскупа ў парафіі заўсёды з’яўляецца знакам еднасці ўсяго Касцёла і, безумоўна, спрыяе больш плённаму душпастырству і сведчанню веры ўсіх парафіян.
У гаміліі біскуп Станеўскі звярнуў увагу, што ў Панны Марыі кожны чалавек шукае ратунку і абароны, бо Яна як найлепшая Маці ведае ўсе чалавечыя жаданні. “Нам усім трэба ісці да Маці, як гэта рабілі нашы продкі. Бо Яна найлепш ведае, што патрэбна для кожнага чалавека, бо заўсёды чуе нашы просьбы”, – дадаў іерарх.
Біскуп заклікаў у штодзённай вандроўцы праз жыццё засяроджвацца на тым, што вечнае, а не на тым, што трывае толькі хвіліну. Таксама іерарх заахвоціў чытаць Святое Пісанне, праз якое Пан прамаўляе да чалавека з радасцю і дае надзею жыцця вечнага.
“Будзем трываць пад крыжам Езуса Хрыста, як трывала Марыя, цалкам згаджаючыся з воляй Бога. Толькі з нашай найлепшай Маці можна зразумець пасланне Евангелля, якое Яна зрабіла праграмай свайго жыцця”, – адзначыў біскуп.
Па словах іерарха, Марыя ніколі не засяроджвае ўвагі чалавека на самой сабе, але вядзе да свайго Сына, які з’яўляецца крыніцай кожнага жыцця на зямлі.
Падчас Эўхарыстыі асаблівым чынам маліліся за ўсіх бедных людзей. З гэтай нагоды біскуп Юзаф Станеўскі адзначыў, што існуюць розныя формы ўбоства – матэрыяльнага, эмацыйнага, духоўнага, бо вельмі многіх людзям чагосьці бракуе.
“За іх усіх мы хочам маліцца, аб тым, каб усе бедныя знайшлі вакол сябе людзей, якія адкрыюць на іх свае сэрцы і рукі, знойдуць для іх час”, – сказаў іерарх. Біскуп заклікаў, каб І Сусветны дзень бедных быў не толькі аднаразовай нагодай да малітвы за гэтых людзей, але стаў пачаткам нашай любові да іх.
На заканчэнне вернікі падзякавалі біскупу за магчымасць супольнай малітвы, умацаванне Словам і папрасілі аб удзяленні пастырскага благаслаўлення.
Кс. Юрый Марціновіч
Фота Элізы Малышка