У дзень адкрыцця І Сінода Гродзенскай дыяцэзіі, якое адбылося 16 лістапада, ва ўрачыстасць Найсвяцейшай Панны Марыі Вастрабрамскай, Маці Міласэрнасці, галоўнай Апякункі Гродзенскай дыяцэзіі, у катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне прайшла адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту.
Падчас адарацыі ўсе прысутныя ў святыні маліліся перад выстаўленым Найсвяцейшым Сакрамэнтам ў інтэнцыі плённай працы дыяцэзіяльнага Сінода.
Адарацыю праводзілі святары, сёстры законныя і свецкія вернікі Гродзенскай дыяцэзіі.
Ад імя ўсіх, хто ўтварае прэзбітэрый Касцёла на Гродзеншчыне, кс. Павел Шаньчук, дэкан дэканату Гродна-Усход, даручыў Езусу Хрысту, Вечнаму і Найвышэйшаму Святару, усе абавязкі святарскага стану і прасіў, каб Ён дапамог святарам захоўваць вернасць пакліканню, еднасць з пастырам дыяцэзіі, а праз яго – з Паўсюдным Касцёлам.
“Як прэзбітэрый Касцёла на Гродзеншчыне і кола адораных ласкай паклікання, мы прыходзім, каб падзякаваць за дар святарства, якое стала нашым удзелам, і за дар абрання да ганаровай і адказнай місіі быць святарамі новага і вечнага запавету на ўзор Мельхізэдэка”, - адзначыў дэкан.
Прысутныя ў катэдральным касцёле святары маліліся аб аднаўленні ласкі святарства і аб распаленні нанова харызмату, які атрымалі на моцы Духа Святога з рук біскупаў.
Ад імя ўсіх сясцёр законных, якія ахвярна служаць у Гродзенскай дыяцэзіі, падчас адарацыі да сабраных звярнулася сястра назарэтанка Ганна Мацуль. Манахіня адзначыла, што быць пакліканым да кансэкраванага жыцця – значыць мець сэрца, распаленае агнём бескарыслівай і незаслужанай Божай любові.
“Кансэкраванае жыццё з’яўляецца носьбітам евангельскіх каштоўнасцяў. Будучы знакам першынства Бога і Яго Валадарства, яно можа з дапамогай дыялогу стаць прычынай абуджэння свядомасці людзей, асабліва ў тым, што, чым паўней хто-небудзь жыве ў Хрысце, тым лепш ён можа служыць Яму ў іншых людзях. Калі прысвечанае Богу жыццё захавае ўласцівую прароцкую сілу, яно стане евангельскай закваскай”, - дадала с. Ганна Мацуль.
Прысутныя сёстры законныя падчас адарацыі мелі магчымасць усвядоміць, што праз кансэкрацыю яны ўступілі на шлях пастаяннага навяртання, аддання сябе выключна любові да Бога, каб яшчэ больш шчодра сведчыць пра ласкі, якія змяняюць хрысціянскае жыццё.
Манахіні прасілі Бога, каб дапамагаў ім быць чыстымі і празрыстымі для Яго і людзей, каб усё служыла адкрыццю прыгажосці, праз якую Бог адорвае людзей.
Ад імя ўсіх свецкіх вернікаў Гродзенскай дыяцэзіі прамовілі Марыя Звяржэвіч і Уладзімір Ляўшук. Вернікі прасілі Пана, каб навучыў іх правільна бачыць іх ролю і прызначэнне ў гэтым свеце.
“Ты, Божа, збіраеш нас як свецкіх асобаў Гродзенскай дыяцэзіі, Тваіх вернікаў, каб мы служылі Табе, а жывучы ў свеце, перамянялі гэты свет па Божай задуме ў Тваё Валадарства”, - сказаў у сваім слове Уладзімір Ляўшук.
Марыя Звяржэвіч дзякавала Пану ад імя ўсіх вернікаў дыяцэзіі за пакліканне быць сведкамі веры ў сучасным свеце. “Перад намі стаяць новыя выклікі і знакі часу, якія пад кіраўніцтвам нашых пастыраў мы стараемся правільна зразумець і адказаць на іх заклік”, - адзначыла яна.
Вернікі маліліся аб тым, каб з кожным днём вучыцца служыць патрэбам сучаснага Касцёла, і прасілі Духа Святога ўказаць усім вернікам дыяцэзіі той шлях развіцця і жыцця паводле Евангелля, які быў для іх першапачаткова запланаваны Богам.
Адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту стала першай супольнай малітвай духавенства і вернікаў дыяцэзіі ў інтэнцыі І Сінода Гродзенскай дыяцэзіі і яго плённай працы.
Кс. Юрый Марціновіч
Фота: Ангеліна Пакачайла