Skip to main content

Біскуп Кашкевіч на адкрыццё Сінода Гродзенскай дыяцэзіі: „Як адна дыяцэзіяльная сям’я, жадаем услухоўвацца ў голас Духа Святога”

imsza sinod 1716 лістапада, ва ўрачыстасць Найсвяцейшай Панны Марыі Вастрабрамскай, Маці Міласэрнасці, галоўнай Апякункі Гродзенскай дыяцэзіі, у катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне распачаўся І Сінод Гродзенскай дыяцэзіі.

Апошнім пунктам адкрыцця была супольная Эўхарыстыя ў інтэнцыі Сінода, які дапаможа ацаніць тое, што ўдалося дасягнуць у мінулыя гады, і са скарбніцы гэтага досведу ўзяць усё, што зробіць евангелізацыйную місію яшчэ больш плённай і што дазволіць дайсці з радасным пасланнем Евангелля да сэрца кожнага чалавека.

Урачыстую святую Імшу з удзелам шматлікіх святароў, сясцёр законных і свецкіх прадстаўнікоў многіх парафій дыяцэзіі ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. У Імшы прынялі ўдзел таксама дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі і Першы сакратар Апостальскай Нунцыятуры манс. Марынко Антолавіч.

“Марыя з мацярынскай міласэрнай любоўю схілілася над чалавецтвам”

У гаміліі біскуп Аляксандр Кашкевіч адзначыў, што сярод многіх тытулаў, якія хрысціянскі народ два тысячагоддзі надае Найсвяцейшай Панне Марыі, “ёсць адзін, асабліва нам блізкі і дарагі: Маці Міласэрнасці”.

“Цудоўная сустрэча міласэрнай любові Бога Айца з убоствам паўшага чалавецтва ажыццявілася ў асобе Езуса Хрыста, Сына Божага, які на дрэве крыжа здзейсніў справу адкуплення, - сказаў іерарх. – Там, на Галгоце, раз і назаўсёды, самым поўным і канчатковым чынам была аб’яўлена свету таямніца міласэрнай любові Бога. Калі мы называем Марыю Маці Міласэрнасці, жадаем падкрэсліць, што ў гэтым дзівосным аб’яўленні таямніцы Божай Міласэрнасці Яна мае свой выключны, асаблівы ўдзел”.

imsza sinod 9

“Ніхто іншы ў свеце не пазнаў так, як Марыя, глыбіні таямніцы Бога, які стаўся чалавекам, - працягваў біскуп. – Яна з’яўляецца сапраўды шэдэўрам Бога, бо ласка, якой Марыя была адорана ва ўсёй паўнаце, захавала Яе нават ад найменшага скажэння граху”.

“Яна ўся прыгожая, беззаганная, створаная ад пачатку праз ласку і міласэрнасць, - заўважыў іерарх. – Гэты выключны прывілей Марыі ўчыніў Яе здольнай да вялікага прысвячэння і поўнай вернасці Пану Богу. (…) Калі мы чытаем Евангелле, выразна відаць, як Марыя ўмее слухаць Бога, як дае сябе весці Божай ласцы, як цудоўна здольная кожным сваім учынкам рэалізаваць тое, да чаго абавязалася ў хвіліну Звеставання”.

“Мы называем Яе Маці Міласэрнасці, бо Яна з мацярынскай міласэрнай любоўю схілілася над чалавецтвам, просячы для сваіх дзяцей патрэбныя ласкі і дары, каб, нягледзячы на цяжкасці і небяспекі гэтага жыцця, яны маглі дайсці да радасці нябеснай Айчыны”, - падкрэсліў гродзенскі ардынарый.

imsza sinod 3

“Жадаем яшчэ больш “жыць Евангеллем””

Кажучы пра распачацце Сінода Гродзенскай дыяцэзіі, іерарх адзначыў: “Як адна дыяцэзіяльная сям’я, жадаем разам услухоўвацца ў голас Духа Святога, каб магчы добра прачытаць знакі часу, прыняць правільныя рашэнні, знайсці найлепшыя вырашэнні бягучых праблем і выклікаў будучыні. Жадаем яшчэ больш “жыць Евангеллем” – Добрай Навіной пра Бога, які так палюбіў свет, “што аддаў Сына свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае” (Ян 3, 16)”.

“З простай, дзіцячай верай у моц матчынага заступніцтва Марыі даверым Ёй сёння наш Касцёл на Гродзеншчыне і працу Сінода, які распачынаецца. Няхай Маці Міласэрнасці просіць для нас усіх глыбокую веру, святло Духа Святога, вернасць спадчыне мінулага і адвагу позірку ў будучыню. Няхай Марыя будзе для кожнага з нас надзейнай і нястомнай Кіраўніцай у сінадальнай пілігрымцы веры, якую сёння пачынаем. Няхай Першы Сінод Гродзенскай дыяцэзіі будзе нашым верным і адважным „fiat”, якое, на ўзор Марыі, скажам Нябеснаму Айцу, багатаму міласэрнасцю”, - пажадаў біскуп.

На заканчэнне Імшы да прысутных звярнуўся манс. Марынко Антолавіч, які адзначыў, што з вялікай узрушанасцю перажываў гэтую ўрачыстасць і ўспрымае як вялікі гонар тое, што з’яўляецца сведкам гэтай гістарычнай падзеі. Ад імя Апостальскага Нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Габара Пінтэра святар скіраваў віншаванні і пажаданні для ўсіх вернікаў дыяцэзіі з нагоды ўрачыстасці Маці Божай Міласэрнасці, галоўнай Апякункі дыяцэзіі, і з нагоды адкрыцця І Дыяцэзіяльнага Сінода.

imsza sinod 23

“Няхай гэты Сінод будзе напоўнены Духам Святым і няхай Ён ім кіруе. Адкрыйцеся на Яго Божае дзеянне”, – дадаў Першы сакратар нунцыятуры.

Біскуп Юзаф Станеўскі падзякаваў біскупу Гродзенскаму за ініцыятыву адкрыцця Сінода і за вялікі клопат аб сённяшнім і заўтрашнім дні супольнасці мясцовага Касцёла.

Сінод скліканы біскупам Гродзенскім Аляксандрам Кашкевічам для апісання і вызначэння аблічча партыкулярнага Касцёла, для ўзрастання ў веры і любові ў супольнасці. Дыяцэзіяльны Сінод з’яўляецца кансультатыўным сходам, які ўтвараюць святары, кансэкраваныя і свецкія асобы Касцёла на Гродзеншчыне.

Кс. Юрый Марціновіч

Фота: Ангеліна Пакачайла