Валанцёры Рэлігійнай місіі “Дабрачыннае каталіцкае таварыства Карытас” Гродзенскай дыяцэзіі ўжо пачалі падрыхтоўку да святаў Божага Нараджэння. У галоўным офісе дабрачыннага таварыства ўжо працуе творчая майстэрня, якая рыхтуе святочныя паштоўкі, дэкарацыі, фігуркі з гіпсу, якія вернікі катэдральнай парафіі Св. Францішка Ксаверыя ў Гродне змогуць набыць на святочным кірмашы.
Кірмаш запланаваны на 17 снежня. У гэты дзень пасля кожнай святой Імшы можна будзе набыць гэтыя рэчы, а таксама свечкі на вігілійны стол, і такім чынам падтрымаць дзейнасць “Карытас”.
Валанцёры, пераважна дзяўчаты, у вольны ад вучобы час прысвячаюць сябе таму, каб адпаведна падрыхтавацца да гэтай падзеі. Дзякуючы гэтаму яны развіваюць свае ўменні працы з іншымі, такія, як камунікацыя ці праца ў групе. Праз уключэнне ў валантарыят яны атрымліваюць магчымасць дзяліцца тым, што маюць, найперш ведамі, уменнямі, а часам энергіяй, патрэбнай для дзейнасці.
Падарыць людзям радасць…
“Мы стараемся ўкладваць у падрыхтоўку гэтага кірмашу ўсю сваю душу і сэрца. Крыху свайго пазітыўнага настрою, радасці і цеплыні хочам перадаць тым людзям, якія гэтыя святочныя паштоўкі і сувеніры набудуць”, - адзначыла валанцёр Вераніка Смыкоўская, якая паходзіць з Рагозніцы, а вучыцца ў Гродне.
Дзяўчына ў гэтым годзе пачала сваё супрацоўніцтва з “Карытас” у якасці валанцёра, а параіў валанцёрства ёй духоўны кіраўнік.
“Мне аднойчы падчас размовы параіў валанцёрскі рух “Карытас” духоўны настаўнік, які сказаў, што бачыць, што ў мяне даволі шмат вольнага часу. Ён параіў мне, каб я ішла і чыніла людзям дабро, і ўпэўнена сказаў: “Ты ў гэтым сябе знойдзеш, гэта якраз для цябе””, - дадае Вераніка Смыкоўская.
Валанцёры прызнаюць, што сёння многія людзі вельмі часта чакаюць увагі і зацікаўленасці імі. І сёння трэба паказаць свету і сваім аднагодкам, што можна, а нават і трэба чыніць дабро, робячы ўсё гэта паводле слоў, сказаных Езусам: “Будзьце міласэрнымі, як і Айцец ваш міласэрны” (Лк 6, 36). Тады ёсць надзея, што і Бог акажа нам сваю міласэрнасць.
... i чыніць іншым дабро
Быць валанцёрам, які бескарысліва дорыць іншым дабро – гэта таксама добрая ідэя, каб рэалізаваць свае таленты і ўменні, адзначае валанцёр Вераніка Загорская з Гродна.
“Я заўсёды хацела дапамагаць іншым людзям, але да канца не ведала, як гэта можна рабіць і якім чынам. Неяк раптоўна прыйшла думка: а можа, такую магчымасць можна атрымаць у дабрачыннай арганізацыі, якой з’яўляецца “Карытас”, - там жа, напэўна, патрабуюць дапамогі?” – кажа Вераніка Загорская. Дзяўчына прызнаецца, што менавіта тут атрымала магчымасць рэалізаваць сябе і свае таленты, якімі можна дзяліцца з іншымі.
“Быць валанцёрам – гэта значыць не сядзець дома склаўшы рукі, а перш за ўсё служыць іншым людзям. Менавіта служачы іншым, ты ўсведамляеш, што можаш зрабіць столькі дабра і падарыць мноства любові патрабуючым людзям, якіх вакол нас вельмі шмат і якіх мы не заўсёды заўважаем”, - дадае дзяўчына.
Маладыя людзі, якія прысвячаюць свой час іншым і на Божую хвалу, дасканала разумеюць, што варта, а нават і трэба прысвячаць сябе людзям, і заахвочваюць сваіх аднагодкаў далучацца да іх.
Калі чакаеш любові ад Бога – давай любоў бліжняму. Калі чакаеш міласэрнасці ад Езуса – будзь міласэрны да патрабуючых. Калі хочаш адпушчэння грахоў – сам даруй крыўды. Калі хочаш, каб Пан быў да цябе велікадушны – глядзі прыязным вокам на іншага чалавека.
Будзем жа міласэрнымі адзін да аднаго, каб Бог мог аказаць нам тую найцудоўнейшую веліч сваёй бясконцай любові, якой з’яўляецца міласэрнасць.
Кс. Юрый Марціновіч