Skip to main content

Дзень засяроджання прайшоў у семінарыі ў Гродне

sem gr 6Дзень засяроджання – гэта святы час, калі дзеянне Святога Духа выключна плённае. Для семінарыстаў гэта асаблівы час ласкі, разважання і навяртання, які дапамагае выйсці з руціны і прызвычаенасці, каб па-новаму распаліць у сабе полымя першапачатковай стараннасці ў наследаванні Хрыста.

Духоўным кіраўніком чарговых рэкалекцый, якія для навучэнцаў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне адбыліся 5 лістапада, стаў кс. канонік Юзаф Ганчыц.

Падчас канферэнцый рэкалекцыяніст спрабаваў скіраваць думкі i ўвагу семінарыстаў на няспыннае дзеянне Божага Духа ў жыцці тых, хто вырашыў працягваць апостальскую місію першых вучняў Хрыста. Таксама святар неаднаразова падкрэсліваў, што любоў з’яўляецца асноўнай нормай жыцця кожнага веруючага і ўсёй касцёльнай супольнасці.

Звяртаючыся да навучэнцаў, святар адзначыў, што трэба дзякаваць за кожную хвіліну, якую дае Бог, цаніць і добра выкарыстоўваць час семінарыйнай фармацыі, каб здабыць як найбольш жыццёвай мудрасці і ўсталяваць глыбокія адносіны з Богам.

Уся семінарыйная супольнасць бясконца ўдзячна кс. Юзафу за той бясцэнны духоўны досвед, якім святар так шчыра і бескарысліва дзяліўся і які, безумоўна, паспрыяе больш глыбокай і якаснай падрыхтоўцы будучых паслядоўнікаў Езуса Хрыста.

Яўген Амасёнак, семінарыст