22 кастрычніка ў катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне адбылося завяршэнне перэгрынацыі фігуры Маці Божай Фацімскай. Мясцовыя вернікі сустракалі святыню з апошняй у маршрутным лісце парафіі Каробчыцы.
Напачатку ў касцёле адбылося прывітанне Марыі ў фацімскай фігуры. З асабістым словам да Маці Божай звярнуліся маладыя вернікі парафіі. Яны з адданасцю даверылі Багародзіцы сваю будучыню і запэўнілі Яе ў пакоры і вернасці.
Урачыстую св. Імшу ўзначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. Разам з ім літургію канцэлебравалі пробашч парафіі кс. Ян Кучынскі, а таксама а. Эдвард Сінкевіч SCJ, кс. Ян Рушніцкі і кс. Ян Сарэла.
У гаміліі біскуп нагадаў прысутным гісторыю аб’яўленняў у Партугаліі, а таксама 3 прароцтвы, якія Марыя адкрыла свету. “Да чаго заклікаюць нас аб’яўленні ў Фаціме? Па-першае, да навяртання. Па-другое, да малітвы на ружанцы. Па-трэцяе, да даручэнню сябе, сям’і і супольнасці Маці Божай. Па-чацвёртае, да пакаяння”, – заўважыў іерарх. І падкрэсліў, што фацімскае пасланне актуальнае і сёння, праз 100 гадоў. “Давайце прымем святло, якое плыве з Партугаліі. Даручым сябе Марыі. Няхай Яе Беззаганнае Сэрца будзе нашым сховішчам і дарогай, якая вядзе да Хрыста. Няхай святыя пастушкі заступацца за Касцёл, каб ён адважна вёў людзей наперад у зямной пілігрымцы і з нязломнай вернасцю абвяшчаў Евангелле збаўлення!”, – сказаў біскуп.
Напрыканцы літургіі адбылося супольнае адмаўленне Ружанца. Над часткамі малітвы разважалі дзеці, моладзь, сем’і, кансэкраваныя асобы і святары. Пад кожнае “Вітай, Марыя” дзеці на знак глыбокай пашаны і ўдзячнасці прыносілі да стоп фігуры белыя ружы. Такім чынам вернікі ахвяравалі Маці Божай вялікі букет, сплецены з кветак і малітвы.
У завяршэнне ўрачыстасці пробашч парафіі кс. Ян Кучынскі падзякаваў сабраным за прысутнасць на ўрачыстасці і нагадаў пра літургічны ўспамін св. Яна Паўла ІІ, які зрабіў вялікі ўклад у распасюджванне фацімскага паслання і нават сам стаў сведкай аднаго з прароцтваў.
Пасля св. Імшы ў кожнага была і застаецца магчымасць памаліцца ля фігуры Марыі з асабістымі інтэнцыямі індывідуальна. З гэтага часу фацімская фігура зойме сваё пачэснае месца ў катэдральнай базіліцы.
Ангеліна Пакачайла