13-15 кастрычніка ў Гродне адбыўся ІІІ Нацыянальны капітул Францішканскага ордэну свецкіх у Беларусі. Мерапрыемствы капітула прайшлі пад дэвізам “Будзьце святымі, бо Я Святы” (Лев 11, 44).
Задачай капітула было між іншым абранне новага нацыянальнага настаяцеля, а таксама намесніка настаяцеля, дарадчыкаў і дэлегата ў Міжнародную раду Францішканскага ордэну свецкіх.
У чарговы раз – на трэці тэрмін – нацыянальным настаяцелем Францішканскага ордэну свецкіх была абрана Марыя Этоль з гродзенскай парафіі Маці Божай Анёльскай (францішканскі касцёл).
Свецкія францішкане ва ўзаемных кантактах звяртаюцца адно да аднаго “сястра”, “брат” і вітаюць словамі “Супакой і Дабро”, на якія адказваюць: “заўсёды і ўсюды”.
Акрамя галоўных абавязкаў у дачыненні сваёй сям’і, мясцовай супольнасці, парафіі і Касцёла, свецкія францішкане павінны, па меры магчымасці, браць поўны ўдзел у штодзённай святой Імшы, штодзённа чытаць Святое Пісанне, уключацца ў літургічную малітву Касцёла, здзяйсняць у канцы дня рахунак сумлення, удзельнічаць у сустрэчах сваёй супольнасці, раз у месяц прыступаць да сакрамэнту пакаяння і паяднання.
Братэрская супольнасць з’яўляецца для кожнага францішканіна дапамогай на шляху да святасці. Братэрства ў супольнасці – гэта сумесная малітва, пілігрымаванне, сумесны ўдзел у рэкалекцыях, сумесная праца, калі супольнасць ажыццяўляе такую (напр, дабрачынная, праца для мясцовага Касцёла). Братэрства – гэта супольнае перажыванне сустрэч з розных нагодаў, такіх, як уступленне ў супольнасць новых членаў, юбілеі, сумесныя аплаткавыя сустрэчы. Яшчэ адной праявай лучнасці з супольнасцю з’яўляецца ўдзел у пахаванні членаў супольнасці і іх сем’яў, а таксама сумесная малітва за памерлых братоў і сясцёр.
Кс. Юрый Марціновіч