Skip to main content

Трое навучэнцаў семінарыі ў Гродне атрымалі духоўную вопратку

akalitat 3023 верасня ў капліцы Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне адбылася святая Імша, падчас якой трое навучэнцaў трэцяга курса атрымалі духоўны строй – сутану. Таксама дваім навучэнцам пятага курса была ўдзелена паслуга акалітату.

Гэтай Імшой распачаўся новы 2017/2018 навучальны год у гродзенскай семінарыі. Літургію ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, у ёй прынялі ўдзел выкладчыкі семінарыі на чале з яе рэктарам кс. д-рам Раманам Рачко і семінарысты. Прысутнічалі бацькі, блізкія і сябры семінарыстаў, якія ў гэтым годзе ўпершыню пераступілі парог семінарыі, - сёлета іх два чалавекі. Навучэнцаў трэцяга курса, якія ў гэты дзень апранулі сутаны, таксама падтрымалі сваёй прысутнасцю бацькі, блізкія і знаёмыя.

У гаміліі кс. Здзіслаў Вэдэр SDB, які апошнія два гады быў духоўным айцом семінарыстаў, а зараз заканчвае служэнне ў семінарыі, назваў гэтую навучальную ўстанову “школай апосталаў Езуса Хрыста”, у якой кожны навучэнец павінен палюбіць Езуса і захапіцца Яго навукай.

Семінарыстаў святар заклікаў быць “людзьмі, якія на ўсё глядзяць вачыма Езуса Хрыста, а не так, як глядзіць мода ці свет”. “Няхай прыярытэтам вашага жыцця заўсёды будзе Езус Хрыстус. Пастаўце Яго ў цэнтр свайго жыцця”, – дадаў кс. Вэдэр, звяртаючыся да навучэнцаў.

Падчас Імшы біскуп Аляксандр Кашкевіч асвяціў сутаны семінарыстаў, якія затым апранулі іх у семінарыйнай сакрыстыі. Ускладанне сутан з’яўляецца чарговым крокам у семінарыйнай фармацыі і знакам прыналежнасці да Касцёла. На заканчэнне Эўхарыстыі трэцякурснікі выказалі падзяку Богу за ласку апрануць духоўны строй, а ўсім тым, хто паспрыяў іх фармацыі і падрыхтоўцы да гэтай урачыстай падзеі, паабяцалі сваю ўдзячнасць, якая будзе выражацца ў штодзённай малітве.

akalitat 16

Біскуп Аляксандр Кашкевіч, звяртаючыся да семінарыстаў, пажадаў, каб гэты новы навучальны год быў багатым найперш духоўнымі плёнамі і каб гэты час быў добра выкарыстаны для ўсталявання сапраўдных адносін з Езусам Хрыстом і духоўнага ўзрастання. Іерарх асабліва падкрэсліў значэнне адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту, якая павінна стаць важным элементам жыцця кожнага семінарыста.

На заканчэнне ўрачыстасці былі зачытаны дэкрэты біскупа Гродзенскага, у якіх гаворыцца, што рэктар семінарыі  кс. д-р Раман Рачко і кс. Здзіслаў Вэдэр SDB за заслугі ў Гродзенскай дыяцэзіі былі прызначаны ганаровымі канонікамі катэдральнага капітула Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Казіміра.

Кс. Юрый Марціновіч

Фота Андрэя Юхніка