21 верасня ў галоўным офісе “Карытас” у Гродне адбылася першая ў новым навучальным годзе арганізацыйная сустрэча з валанцёрамі. У Рэлігійную місію “Дабрачыннае каталіцкае таварыства Карытас” Гродзенскай дыяцэзіі прыйшлі новыя валанцёры, якія адкрыты на супрацоўніцтва і маюць вялікае жаданне дапамагаць іншым. Найперш гэта студэнты вышэйшых навучальных устаноў і навучэнцы іншых устаноў адукацыі.
Падчас сустрэчы валанцёры мелі магчымасць пазнаёміцца між сабой, а таксама пазнаёміцца з дзейнасцю дабрачыннай арганізацыі і з праектамі, якія яна рэалізуе.
Сумесна з супрацоўнікамі “Карытас” быў складзены план дзейнасці на бліжэйшыя месяцы.
Ксёндз Раман Рачко, дырэктар гродзенскага “Карытас”, на сустрэчы распавёў прысутным, на чым засноўваецца валанцёрская праца і кім з’яўляецца валанцёр. Святар падкрэсліў найперш, што гэта бескарыслівае служэнне, якое базуецца на сведчанні дабра ў дачыненні да іншых людзей, нічога не чакаючы ўзамен. Дырэктар “Карытас” заахвоціў маладых людзей уключацца ў гэтую прыгожую справу, якой з’яўляецца валантарыят, і старацца кожны дзень аказваць людзям дабрыню і любоў.
Усё яшчэ можна далучыцца да ліку валанцёраў “Карытас” Гродзенскай дыяцэзіі. Гэтая арганізацыя працягвае чакаць новых, крэатыўных і поўных ідэй людзей, якія хочуць найперш служыць іншым. Больш інфармацыі пра ўключэнне ў валантарыят можна атрымаць у каардынатара валанцёраў па тэлефоне:
+375 152 753412 (Наталля)
Кс. Юрый Марціновіч