З 15 па 20 верасня парафіяльныя касцёлы Бераставіцкага дэканату наведала фігура Маці Божай Фацімскай, якая на працягу ўжо амаль года падарожнічае па святынях Беларусі.
15 верасня фігуру Панны Марыі з Фацімы віталі ў парафіі Перамянення Пана ў Вялікай Бераставіцы.
Шматлікія вернікі разам са святарамі сустракалі фігуру Багародзіцы на вуліцы каля святыні. Урачыстай працэсіяй фігура Маці Божай Фацімскай была ўнесена ў касцёл і заняла пачэснае месца на ўпрыгожаным кветкамі троне.
На працягу амаль сутак, пакуль фігура Маці Божай знаходзілася ў бераставіцкім касцёле, у вернікаў была магчымасць звярнуцца да Панны Марыі са сваімі просьбамі, падзякаваць за атрыманыя ласкі і аддаць Ёй пад апеку сваё жыццё як у час сумесных службаў, так і пры прыватнай малітве.
Вялікая колькасць людзей наведала касцёл у гэтыя два дні, каб прывітаць і ўшанаваць Маці Божую ў фігуры, прывезенай з Фацімы, каб праз яе прысутнасць мець магчымасць бліжэй дакрануцца да фацімскіх аб’яўленняў і глыбей перажыць іх у сваім сэрцы.
Даведка:
Перэгрынацыя фігуры Маці Божай Фацімскай арганізавана з нагоды 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў, якія ў маі 2017 года адзначаліся ва ўсім свеце.
Сто гадоў назад, у маі 1917 года, у Партугаліі, непадалёк ад невялічкай вёскі Фаціма, траім маленькім пастушкам з’явілася Маці Божая, якая праз дзяцей накіравала пасланне свету, прадказала гісторыю чалавецтва ў XX стагоддзі, пераслед Касцёла, яго адраджэнне, папярэдзіла аб пачатку Другой сусветнай вайны. Маці Божая заахвочвала дзяцей да штодзённай малітвы Ружанца аб навяртанні грэшнікаў і да малітвы за мір, а таксама прасіла пабудаваць у гэтым месцы капліцу ў Яе гонар.
Маці Божая з’яўлялася дзецям шэсць разоў. Сведкамі апошняга аб’яўлення былі больш за 70 тысяч чалавек. Каталіцкі Касцёл прызнаў аб’яўленні цудам 13 кастрычніка 1930 г.
Паводле Бераставіцкая газета