Skip to main content

Біскуп Кашкевіч у Капцёўцы: няхай Божае слова прынясе ў вашым жыцці плён дабра

imsza 1617 верасня ў санктуарыі Маці Божай Яснагорскай Цярпліва Слухаючай на Узгорку надзеі ў Капцёўцы святую Імшу ў дзяцей і моладзі, настаўнікаў і выхавацеляў, выкладчыкаў і катэхетаў Гродзенскай дыяцэзіі ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. У літургіі ўдзельнічаў таксама дапаможны біскуп дыяцэзіі Юзаф Станеўскі.

У Імшы прынялі ўдзел шматлікія вернікі, якія прыбылі ў пешай пілігрымцы з Гродна, і тыя, хто прыбыў уласнымі сродкамі. Прысутнічала і шмат скаўтаў.

Кусташ санктуарыя кс. Міхал Ластоўскі, вітаючы ўдзельнікаў літургіі, адзначыў, што для яго супольнасці вернікаў вялікі гонар, што на парозе новага навучальнага і катэхетычнага года менавіта Капцёўка становіцца цэнтральным месцам у дыяцэзіі, адкуль ідзе малітва з просьбай аб Божым благаслаўленні для ўсіх навучэнцаў.

У гаміліі кс. Юрый Марціновіч, адказны за сродкі масавай інфармацыі Гродзенскай дыяцэзіі, нагадаў, што кожны чалавек праз сакрамэнт хросту быў запісаны ў школу Езуса і праз актыўны ўдзел у жыцці Касцёла паглыбляе свае адносіны з Богам і ўзрастае ў веры.

Разважаючы над літургіяй слова на гэты дзень, кс. Марціновіч адзначыў, што Езус праз яе хоча нагадаць усім вельмі важныя правілы прабачэння.

“Кожны раз, калі мы прабачаем іншаму чалавеку, нанова вучымся любові. Гэтая любоў у нас разрастаецца і патрабуе таго, каб даваць яе іншаму чалавеку, якога Божы Провід ставіць на шляху нашага жыцця”, – сказаў кс. Юрый Марціновіч.

На заканчэнне Імшы біскуп Аляксандр Кашкевіч падкрэсліў, што абавязак выхавання новых пакаленняў ляжыць перадусім на кожным бацьку і маці, яны з’яўляюцца першымі катэхетамі і настаўнікамі, а школа і Касцёл у гэтым працэсе выхавання толькі ўдзельнічаюць і дапамагаюць. Біскуп адзначыў, што сям’я – першае асяроддзе, у якім ад заранку дзяцінства пачынаецца працэс выхавання ў веры, і гэтая своеасаблівая сямейная катэхеза папярэджвае кожную іншую форму катэхезы і мае вырашальны, трывалы і нічым не заменны ўплыў на душу дзіцяці.

imsza 2

Звяртаючыся да дзяцей і моладзі, якія пасля вакацыйнага перапынку вярнуліся ў свае школы і іншыя месцы вучобы, іерарх заклікаў, каб яны з кожным днём стараліся паглыбляць свае веды і развівалі сваё духоўнае жыццё.

„Будзьце заўсёды адкрытыя на веды, якія перадаюць вам настаўнікі і катэхеты, прымайце з удзячнасцю іх павучанні і заахвочванні. Няхай Божае слова, якое вы чуеце ў Касцёле, дома і на катэхезе, упадзе на ўрадлівую глебу вашых сэрцаў і прынясе як мага больш шчодрыя плёны выключна дабра ў вашым жыцці”, – дадаў біскуп.

Іерарх пажадаў, каб навучальны і катэхетычны год, які распачынаецца, быў для кожнага дзіцяці і маладога чалавека дыяцэзіі паспяховым, прынёс прагрэс у вучобе, а найперш – плён узрастання веры і любові да Езуса.

На заканчэнне біскуп Кашкевіч асвяціў школьныя прылады і разам з біскупам Юзафам Станеўскім удзяліў усім прысутным пастырскае благаслаўленне.

JM