Спатканне Душпастырства выкладчыкаў, настаўнікаў і выхавацеляў прайшло 26 жніўня пры гродзенскім касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панны Марыі (пабрыгіцкі). Сустрэча сабрала каля сарака чалавек. Вернікі з Гродна, Ліды, Забалаці, Воранава і іншых месцаў сабраліся разам, каб прасіць у Бога падтрымкі ў настаўніцкай паслузе і апекі над сваімі вучнямі.
У рамках спаткання яны мелі магчымасць паслухаць канферэнцыю, папрацаваць у групах, прыняць удзел у адарацыі Найсвяцейшага Сакраманту і ўбачыць выступ музычнага гурту "OPEN". Цэнтральным пунктам праграмы стала св. Імша, якую ўзначаліў біскуп Аляксандр Кашкевіч. Іерарх блаславіў сабраных вернікаў на настаўніцкае служэнне ў новым навучальным годзе і пажадаў поспехаў у нялёгкай справе выхавання маладога пакалення.
З гаміліяй да прысутных звярнуўся кс. Антоній Грэмза, духоўны кіраўнік душпастырства. Святар адзначыў, што кожны педагог павінен быць аўтарытэтам для сваіх вучняў, але зарабіць яго трэба не загадамі і паказной суровасцю, але словамі і ўчынкамі. "Настаўнікі пакліканыя быць прыкладам для сваіх выхаванцаў, у тым ліку прыкладам веры. І не трэба баяцца, што вы сутыкнёцеся з іншымі поглядамі і нават непрыняццем вашай пазіцыі. Проста не разлічвайце толькі на сябе, а дзяліцеся сваімі турботамі з Езусам", - дадаў кс. Антоній.
Як адзначыла метадыст Наталля Чарняўская, адна з членаў душпастырства, ёй падобныя спатканні дапамагаюць вучыцца ў Бога цярплівасці і з большай разважлівасцю вырашаць складаныя прафесійныя сітуацыі. "Часам разумееш, што не ў стане справіцца з пэўнай праблемай. Тады глядзіш на крыж, на Пана і дазваляеш Яму ўзяць на Сябе свае клопаты. Устараняеш праблему разам з Ім", - падкрэсліла жанчына.
Даведка:
Душпастырства выкладчыкаў, настаўнікаў і выхавацеляў Гродзенскай дыяцэзіі дзейнічае з 2001 года. Сустрэчы адбываюцца ў кожную другую нядзелю месяца. Спатканне распачынаецца св. Імшой у касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гродне (пабрыгіцкім) у 16.00. Пасля яе ў залах пад касцёлам праходзіць сустрэча з душпастырам і ўдзельнікамі. На спатканні жадаючыя рыхтуюць рэфераты, даклады, пасля якіх адбываюцца дыскусіі. Часамі ладзіцца прагляд кінафільмаў з наступным абмеркаваннем.
Ангеліна Марцішэўская