Skip to main content

Вырушыла пілігрымка Гродна – Рось: каб паказаць шлях да неба

grros lid1

4 жніўня з гродзенскага касцёла Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі вырушыла XVI пешая пілігрымка ў санктуарый Пана Езуса Журботнага ў Росі. Дэвіз пілігрымкі ў гэтым годзе – “Праз Марыю да Езуса”.

Сёлета, калі адзначаецца 100-годдзе аб’яўленняў Маці Божай у Фаціме, арганізатары пілігрымкі прагнуць паказаць удзельнікам ролю Панны Марыі ў жыцці кожнага чалавека. Таму ў канферэнцыях святары нагадаюць сутнасць паслання, якое было скіравана ў Партугаліі. На працягу ўсяго шляху пілігрымы будуць несці вялікі ружанец, каб такім чынам прыпомніць сабе і іншым пра патрэбу ў жыцці малітвы, асабліва ружанцовай, аб якой прасіла сама Марыя.

grros lid2Пілігрымка па традыцыі пачалася св. Імшой, якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. У гаміліі кіраўнік пілігрымкі Гродна-Рось кс. Юрый Марціновіч узгадаў пра постаць св. Яна Марыі Віянэя – апекуна ўсіх святароў, літургічны ўспамін якога прыпадае ў гэты дзень. Святар звярнуў увагу на некалькі фактаў з жыцця святога і ўказаў на яго асобу як на прыклад для наследвання, асабліва, можа, падчас пілігрымкі.

Кс. Юрый адзначыў, што, ідучы праз большыя і меншыя населеныя пункты, пілігрымы будуць паказваць іншым людзям, якія будуць іх вітаць каля сваіх дамоў ці прыдарожных крыжоў, шлях да неба. “Мы ідзём, каб нагадаць людзям, што гэты шлях ніколі не з’яўляецца простым і лёгкім. Няма кароткай дарогі да неба, але яна заўсёды праходзіць праз розныя цяжкасці, прынесеныя ахвяры ці адрачэнні”, – заўважыў кіраўнік пілігрымкі і дадаў, што ўсё гэта павінна навучыць пілігрымаў яшчэ больш любіць Бога і іншага чалавека.

grros lid3На заканчэнне Імшы біскуп Аляксандр Кашкевіч скіраваў да паломнікаў просьбу, каб яны падчас шляху памяталі ў сваіх малітвах аб Гродзенскай дыяцэзіі. “Маліцеся аб новых і шматлікіх пакліканнях да служэння ў Касцёле. Агарніце сваімі малітвамі таксама ўсе нашы сем’і, каб яны былі моцнымі Богам”, – указаў на асаблівыя інтэнцыі іерарх. Біскуп пажадаў, каб паломніцтва было для кожнага “бласлаўлёным часам унутранага аднаўлення і духоўнага адраджэння”.

У пілігрымцы прымаюць удзел прадстаўнікі розных пакаленняў вернікаў з Гродзенскай дыяцэзіі, а таксама Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, Літвы і Польшчы.

grros lid4У першы дзень шляху паломнікі пераадолелі больш за 40 км. Абед для пілігрымаў падрыхтавала парафія Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Квасоўцы. На начлег дзверы сваіх дамоў і сэрцаў ім адкрываюць вернікі парафіі Імя Найсвяцейшай Панны Марыі i св. Яна Непамука ў Вялікіх Эйсмантах.

Тэкст: JM

Фота: Максім Хаванскі