Skip to main content

Моладзь з Гродзенскай дыяцэзіі адпачыла пасля міжнароднай Парафіяды ў Яраслаўцы

llager 1

“Парафіядны” лагер адбыўся 15 – 28 ліпеня ў невялікім польскім курортным гарадку на ўзбярэжжы Балтыйскага мора. Туды адразу пасля спаборніцтваў у Варшаве прыехалі маладыя вернікі з парафій Гродна-Аўгустовак, Слонім (Беззаганнага Зачацця НПМ), Рось, Бярозаўка.

Падчас двухнядзельнага адпачынку ўдзельнікі штодня рэалізоўвалі трыяду Парафіяды (Святыня – Тэатр – Стадыён).

llager 2Дзень распачынаўся св. Імшой. Духоўную “ежу” на працягу дня забяспечвала супольная малітва.

Маладыя людзі мелі, між іншым, насычаную культурна-забаўляльную праграму. Не давалі засумаваць конкурсы малюнкаў і вырабаў з прыроднага матэрыялу, конкурс Міс і Містэр лагера, Дні спорту (спаборніцтвы па футболе, валейболе, настольнаму тэнісу, эстафета), гульні ў пейнтбол, баўленне часу ў Джунглі парку. Адзін з вечароў быў адведзены чуванню ў духу TAIZE.

llager 4Спартыўны складнік быў адным з прэвалюючых падчас адпачынку. І тут не абышлося без перамог. Падчас таварыскага матчу па футболе з камандай будучых пажарных з Польшчы каманда хлапцоў парафіі Гродна-Аўгустовак усухую абыграла супернікаў з лікам 6:0. У футбольным турніры “Адпачынак з мячом” сярод 11-ці каманд з Польшчы маладыя парафіяне з Гродна сталі пераможцамі ў катэгорыі 2002–2003 г.н., парафіяне са Слоніма – у катэгорыі 2004–2005 г.н.

Адпачынак у Яраслаўцы стаў для моладзі добрай магчымасцю аднавіць свае фізічныя і духоўныя сілы для заваявання далейшых вяршынь.

 

Па выніках ХХІХ Міжнароднай Парафіяды дзяцей і моладзі ў Варшаве маладыя вернікі з парафіі Гродна-Аўгустовак здабылі 10 медалёў, сярод якіх 8 залатых і 2 бронзавыя.

 

Тэкст: Кс. Артур Малафей

Фота: Яўген Малафей і Аліна Сяўрук