Ці задавалі сабе пытанне: колькі часу я праводжу кожны дзень у сацыяльных сетках?
Я задала… Спалохалася…. Не змагла злічыць. А як павінна быць? Хто заслугоўвае нашай увагі больш, чым віртуальная прастора?
Разам са мною гэтыя пытанні задавала сабе моладзь парафіі Св. Тэрэзы Авільскай са Шчучына. На працягу тыдня мы натхнённа шукалі адказы праз канферэнцыі, разважанне Евангелля, св. Імшу і дзяленне сваім меркаваннем у групах падчас летніку.
Дэвізам лагера сталі словы “Быць on-line”. З дапамогай а. Вітальда Пяцельчыца і аніматараў закраналіся пытанні трываласці веры ў нашай паўсядзённасці. Мы адшукалі прычыны, чаму складана быць заўсёды “на сувязі” з Богам.
Перажыць адпачынак яшчэ больш глыбока дапамаглі Крыжовы шлях, малітоўны вечар і, канешне, падтрымка духоўнага айца. Мы не ставілі за мэту закапаць сябе ў разважаннях, крыўдах і пытаннях… Мы проста вучыліся быць трошкі лепш, любіць адзін аднаго ў супольнасці.
Смачная ежа, цёплае сонейка, прыгожыя палі пшаніцы, бясконцыя жарты – усё дапамагала зрабіць сустрэчы сапраўдным адпачынкам. Кожны вечар адбываліся цудоўныя канцэрты: кліпы, спевы, ролікі, гульні і танцы ўпэўнілі, што мы гатовыя адыходзіць ад віртуальнасці і жыць у рэальнасці. Дзякуй Богу за магчымасць служыць, крэатывіць, узрастаць і адпачываць у Яго прысутнасці!
Словы падзякі хочацца выказаць нашаму пробашчу а. Вітальду Пяцельчыцу. Маёй сяброўцы і аніматару Юліі Атрашкевіч. І, канешне, нашым кухаркам Настассі Голец і Іне Антановіч.
Алёна Мыслівец
Фота: Анастасія Голец