11-15 ліпеня айцы рэдэмптарысты правялі рэкалекцыі паклікання для хлопцаў. Ужо па традыцыі яны прайшлі ў Шчучыне, у былым калегіуме піяраў, пры санктуарыі Маці Божай Фацімскай.
У рэкалекцыях удзельнічала 27 чалавек, якія прыбылі з 9 парафій Гродзенскай дыяцэзіі. Іх духоўнымі праваднікамі на час рэкалекцый былі між іншым айцы рэдэмптарысты Андрэй Ядкоўскі і Валерый Мазюк.
Праграма духоўных практыкаванняў была вельмі багатай. Кожны дзень пачынаўся не толькі супольнай малітвай, але і гімнастыкай на свежым паветры. На працягу дня ўдзельнікі праслухоўвалі дзве канферэнцыі. Разважанні былі прысвечаны пакліканню, сэнсу жыцця, шчасцю, а кожны з выступоўцаў дадаткова падзяліўся сведчаннем свайго манаскага паклікання.
Семінарысты пазнаёмілі моладзь з гісторыяй узнікнення супольнасці рэдэмптарыстаў, постацямі святых і благаслаўлёных гэтай супольнасці. Цэнтрам кожнага дня рэкалекцый была Эўхарыстыя.
Прабыванню ў Шчучыне спадарожнічала таксама шмат забаваў, быў цёплы вечар з гучнымі спевамі, вогнішчам і смажаннем каўбасак, добры фільм і пілігрымка ў касцёл у Лядск. Рэкалекцыі прайшлі ў радаснай, братэрскай атмасферы.
Паводле www.redemptor.by