Skip to main content

Cустрэча членаў малітоўнага руху за святароў “Маргарытка” адбылася ў Тракелях

margarytka 34

22 ліпеня ў санктуарыі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях прайшла агульная сустрэча членаў малітоўнага руху за святароў "Маргарытка" ў Гродзенскай дыяцэзіі.

На сустрэчу прыбыло каля 250 чалавек з усёй дыяцэзіі, якія абавязаліся маліцца ў інтэнцыі канкрэтнага святара. Сваёй малітвай, постам, а таксама цярпеннем яны падтрымліваюць штодзённае служэнне святароў, каб у моцы Духа тыя маглі рэалізаваць сваё пакліканне.

Навяртанне – гэта Божы дар

У праграме сустрэчы былі дзве канферэнцыі, адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, святая Імша, супольны абед і Вяночак да Божай Міласэрнасці.

З першай канферэнцыяй на тэму навяртання выступіў кс. Аляксандр Мацкевіч. Зыходным пунктам сваіх разважанняў святар абраў фрагмент Евангелля паводле Лукі, у якім прадстаўлена сустрэча Езуса з Закхеем.

Ксёндз Мацкевіч адзначыў, што гэта прыклад сустрэчы чалавека з Езусам, плёнам якой стала навяртанне і ў якой можна вельмі выразна ўбачыць, што навяртанне – гэта дар, значыць ласка.

“Усе, хто думаў, што ведае Закхея, глядзелі на яго з неўхваленнем, пагардай, можа, нават асуджэннем, – толькі Езус, які адзіны сапраўды ведаў Закхея, глядзеў на яго з любоўю і міласэрнасцю. Ён не асудзіў Закхея, не “перакрэсліў” яго, а ўбачыў у ім сына Абрагама, значыць Божае дзіця, якое паклікана да збаўлення. Такі погляд Езуса – у Яго поглядзе мы бачым міласэрную любоў Айца Нябеснага”, – заўважыў кс. Аляксандр Мацкевіч.

Святар заахвоціў прысутных па прыкладзе Закхея нястомна імкнуцца да перамянення, стварыць нагоду для таго, каб парваць са злом і распачаць новае жыццё.

Святую Імшу ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. У гаміліі іерарх узгадаў пра свята св. Марыі Магдалены, якое адзначалася ў гэты дзень і святкавалася ў Касцёле ў другі раз, чым мы ўдзячныя Святому Айцу Францішку, які ўзвёў гэты успамін у ранг свята.

Давер Богу вядзе да збаўлення

Біскуп адзначыў, што сустрэча св. Марыі Магдалены з Езусам цалкам змяніла яе жыццё. Яна ўсім сэрцам прыхілілася да свайго Настаўніка і пайшла за Ім, гэта значыць стала Яго вучаніцай.

“Прыклад Марыі Магдалены вучыць нас, каб мы бязмежна давяралі Пану Богу, нават тады, калі Яго не “разумеем”. Каб мы давяралі Яго любові да нас і да нашых бліжніх. Каб мы верылі, што адносна кожнага чалавека Пан Бог мае адзіны, непаўторны план, і гэта план любові і збаўлення”, – падкрэсліў іерарх.

margarytka 17

Біскуп заклікаў прысутных адкрыць у сваім жыцці Божую любоў, якая ўчыняе так, што чалавек ніколі не страціць Пана Бога, не адыдзе ад Яго, не збочыць на бездарожжа нявер’я.

“Марыя Магдалена заахвочвае нас усіх, каб мы трывалі ў любові да Езуса, не пераставалі Яго шукаць, услухоўвацца ў Яго голас і вучыцца бачыць Яго прысутнасць у нашым жыцці”, – дадаў гродзенскі ардынарый.

Карыстаючыся нагодай, іерарх падзякаваў ад імя ўсіх святароў Гродзенскай дыяцэзіі членам руху малітвы за святароў за малітоўнае спадарожнічанне ў іх штодзённым служэнні. Біскуп адзначыў, што гэта для кожнага святара “вялікі дар, які нас мабілізуе, дадае надзеі і адвагі, робіць наша служэнне яшчэ больш плённым”.

Іерарх падзякаваў таксама кс. Валерый Быкоўскаму – апекуну "Маргарытак" у Гродзенскай дыяцэзіі і арганізатару сустрэчы – за клопат аб гэтай новай і прыгожай справе, якая вельмі дынамічна развіваецца на тэрыторыі дыяцэзіі.

Таксама падчас Імшы ў малітоўную супольнасць былі прыняты новыя члены, якія склалі на рукі біскупа свае абавязкі ўсё жыццё маліцца за абранага святара.

Ісці за Езусам – рэалізацыя фацімскага паслання

Пасля Імшы сабраныя выслухалі другую канферэнцыю, з якой выступіў кс. Ян Раманоўскі і якая была прысвечана тэме актуальнасці фацімскіх аб’яўленняў у сённяшнія часы. Святар падкрэсліў, што гэты заклік Найсвяцейшай Панны Марыі да малітвы, пакаяння і навяртання застаецца актуальным, асабліва ў наш час, калі шмат людзей адыходзіць ад Бога, выракаецца сваёй веры.

“Сёння ёсць шмат людзей, якія прагнуць Бога, якія, нягледзячы на падманы язычніцкага свету, што не мае ясна акрэсленай мэты і свайго правадніка, прагнуць ісці да порту збаўлення, да крыніцы жывой вады, якой з’яўляецца Езус Хрыстус”, – адзначыў кс. Раманоўскі. Святар выказаў пажаданне, каб такіх людзей, якія штодзённа ідуць за Хрыстом, было з кожным днём усё больш – тады будзе рэалізоўвацца ў жыцці фацімскае пасланне.

Падчас сустрэчы кс. Валерый Быкоўскі паведаміў, што ўжо заснаваны “Маргарыткі” за ўсіх святароў, якія служаць на тэрыторыі дыяцэзіі, а таксама за многіх іншых святароў.

Ксёндз Быкоўскі абвясціў таксама радасную навіну, што ў цэлым створана ўжо 1056 „Маргарытак”, з якіх 300 у бягучым годзе.

Кс. Юрый Марціновіч