У кляштары Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта (назарэтанкі) у Навагрудку адбыліся тыднёвыя рэкалекцыі для сем’яў.
На рэкалекцыях сабралася рэкордная колькасць удзельнікаў – 75 чалавек, пераважна цэлыя сем’і: сужэнцы і іх дзеці. Удзельнікі прыбылі з розных бакоў Беларусі: з Гродна, Ліды, Мінска, Глыбокага i інш.
Падчас тэматычных канферэнцый сёстры законныя i кс. Мікалай Ціхановіч распавядалi пра ролю сям’і ў жыцці, пра пагрозы для сям’і, прычыны разводаў, неабходнасць перамогі над грахом і магчымасці аздараўлення сям’і.
Таксама была звернута асаблівая ўвага на тое, што трэба будаваць свае адносіны з Хрыстом і Ён павінен быць цэнтрам кожнай сям’і.
Падчас рэкалекцый сужэнцы мелі магчымасць дзяліцца сваімі сведчаннямі, як перажываюць веру ў шлюбе. Таксама яны дзяліліся сваімі цяжкасцямі ў сямейным жыцці і спосабамі, як іх пераадольваць.
Для дзяцей была падрыхтавана спецыяльная праграма. У іх быў час на адпачынак і на знаёмства з праўдамі веры, пра што распавядалася ім у катэхезах.
Сястра Марыянна Алешчык CSFN, адна з арганізатараў рэкалекцый ужо на працягу многіх гадоў, адзначае, што гэта асаблівы час для сем’яў, якія ў іх удзельнічаюць. “У гэтым годзе удзел у рэкалекцыях прыняла адна сям’я, якая складаецца з трох пакаленняў: дзядулі, бабулі, іх дзеці і ўнукі”, - дадае манахіня.
Па словах сястры, рэкалекцыі – добрая нагода аднавіць свае адносіны ў сужэнстве, а таксама з Богам. “Падчас рэкалекцый ёсць вельмі шмат часу, каб паразмаўляць між сабой і паразмаўляць з Богам на малітве. У штодзённасці часта няма на гэта часу, бо пастаянна нейкія справы, абавязкі, і так праходзіць дзень”, - кажа с. Марыянна.
Напрыканцы рэкалекцый удзельнікі падзякавалі сёстрам назарэтанкам за арганізацыю рэкалекцый, а таксама кс. Мікалаю Ціхановічу, які апекаваўся сем’ямі падчас духоўных практыкаванняў.
Сем’і вярнуліся дадому адноўленыя духоўна і з новым запалам, каб адважна пераадольваць усе цяжкасці жыцця і будаваць добрыя адносіны з Богам, іншым чалавекам і адно з адным.
Кс. Юрый Марціновіч