16 ліпеня ў гродзенскім пабрыгіцкім касцёле с. Стэла Ядкоўская з Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта адзначыла юбілей 50-годдзя манаскага жыцця. На працягу гэтых гадоў манахіня нястомна апекавалася хворымі і церпячымі, уліваючы ў іх сэрцы надзею на шчаслівае жыццё ў вечнасці. За гэта назарэтанку сталі называць апосталам гродзенскіх бальніц.
Акрамя шматлікіх вернікаў падзякаваць с. Стэле за адданасць Хрысту і бліжняму прыбылі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч і біскуп Пінскі Антоні Дзям'янка.
У гаміліі арцыбіскуп Тадэвуш узгадаў пра сваю першую сустрэчу з с. Стэлай – у той час маладой манахіняй, якая ў перыяд пераследу веры не пабаялася сказаць Богу "так".
"Памятаю, як яна прымала ўдзел у Эўхарыстыі ў пабернардынскім касцёле, седзячы ў лаўцы недалёка алтара. Прысутнасць у святыні ў часы ваяўнічага атэізму была чымсьці надзвычайным і патрабавала вялікай адвагі. Я прызнаю, што гэты эпізод паўплываў таксама і на маё пакліканне", - адзначыў іерарх.
Арцыбіскуп распавёў і пра шматлікія заслугі с. Стэлы перад Касцёлам: пра тое, як паспяхова яна спраўлялася з абавязкамі настаяцельніцы супольнасці; пра яе дапамогу пры арганізацыі ВДС у Гродне; пра капліцы, якія з'явіліся ў чатырох гродзенскіх бальніцах па ініцыятыве манахіні.
Пасля іерарх дадаў, што слова "stella" ў перакладзе з лацінскай мовы азначае "зорка" і пажадаў с. Стэле надалей быць святлом на сцежках заблукалых.
Арцыбіскуп Тадэвуш таксама ўручыў с. Стэле дзве энцыклікі, а біскуп Аляксандр перадаў ёй ліст падзякі ад Папы Францішка.
Падчас св. Імшы юбілярка аднавіла свае манаскія абяцанні і выступіла з прамовай, у якой дзякавала Богу за ўсіх, каго Ён паставіў на яе шляху.
Пасля заканчэння літургіі каля манахіні з’явілася доўгая чарга з сабраных у святыні вернікаў, якія спяшаліся павіншаваць назарэтанку і выказаць ёй сваю пашану.
Ангеліна Марцішэўская
Фота: Гражына Шалкевіч