15-16 ліпеня ў дыяцэзіяльным санктуарыі ў Гудагаі, дзе служаць кармэліты босыя, адбыліся ўрачыстасці ў гонар Маці Божай Шкаплернай. Сёлета яны праходзілі пад дэвізам “Шкаплер насі, на ружанцы прасі”. Гэтыя словы павінны былі паказаць глыбокую сувязь аб’яўленняў Маці Божай у Эйлсфордзе (дзе ў 1251 г. Панна Марыя перадала дар шкаплера св. Сымону Стоку) і аб’яўленняў у Фаціме, 100-годдзе якіх Касцёл адзначае сёлета.
Падчас урачыстасцяў узгадвалася таксама 110-годдзе вяртання славутага ласкамі абраза Маці Божай у Гудагай пасля некалькіх дзесяцігоддзяў адсутнасці з-за скасавання кляштара і касцёла пасля паўстання 1832 г. і 10-годдзе яго каранацыі папскімі дыядэмамі, якія асвяціў Ян Павел ІІ.
Урачыстасці пачаліся святой Імшой і Навэннай да Маці Божай Шкаплернай, якія ўзначаліў неапрэзбітэр а. Генрык Валейка OCD, які паходзіць з парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Астраўцы. Малады святар адкрыў сваё пакліканне да манаскага жыцця і святарства менавіта перад абліччам Маці Божай Гудагайскай, разам з маці і сястрой часта знаходзячыся там у дзяцінстве. Гамілію прамовіў духоўны айцец семінарыі ў Пінску, які ў ёй указаў на Марыю як на Маці і Правадніцу ў веры, а таксама нагадаў аб пышных урачыстасцях каранацыі ў 2007 г. Святар падкрэсліў, што Панна Марыя – Маці святароў і пакліканых да Божай службы, а малітва праз Яе заступніцтва, таксама аб пакліканнях, напэўна прынясе плён.
Традыцыяй гудагайскіх урачыстасцяў з’яўляецца супольнае разважанне над Мукай Пана падчас набажэнства Крыжовага шляху на мясцовай Кальварыі, траса якой расцягваецца на 3,5 км, вядзе праз маляўнічыя палі і лясныя пагоркі. Разважанні і музычнае аздабленне падрыхтавала моладзь з парафіі ў Нарачы. Некалькі соцень вернікаў прайшлі Крыжовы шлях, які ўзначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.
Суботні вечар урачыстасцяў у Гудагаі быў напоўнены асабістай і супольнай малітвай. У 23.15 прысутныя праспявалі Нешпары ў гонар Панны Марыі, якія ўзначаліў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі. Разважанне праводзіў а. Бэрнард, які падзякаваў Маці Божай за Яе апеку і нагадаў пра постаці, звязаныя з Гудагаем: св. Яна Паўла ІІ, які насіў шкаплер да канца свайго жыцця, кардынала Казіміра Свёнтка, які каранаваў абраз, кс. Адама Вайцяхоўскага і кс. Алаізія Тамковіча – спачылых пробашчаў гудагайскай парафіі, пра спачылую сястру Юзю Ждановіч – сведку перамогі Марыі над злом.
Апоўначы пачалася марыйная працэсія са свечкамі вакол касцёла і могілак. Начную Імшу цэлебраваў біскуп Алег Буткевіч разам з біскупам Юрыем Касабуцкім і шматлікімі святарамі. Гамілію біскуп Буткевіч пачаў словамі Панны Марыі: “Велічае душа мая Пана…” Далей іерарх адзначыў: “Мы пакліканы, каб нарадзіць сваю святасць і душу для неба… Ніхто не можа нарадзіць за кагосьці душу для неба!” Кажучы пра гэтыя ўрачыстасці, біскуп заклікаў ісці праз жыццё так, як Эліяш на гару Кармэль, і разам з ім вызнаваць, што Бог заўсёды жыве ў нашай штодзённасці. У гаміліі было ўзгадана таксама пра гадавіну аб’яўленняў у Фаціме, калі Панна Марыя заклікала да малітвы і навяртання. Віцебскі ардынарый адзначыў, што шкаплер паказвае шлях да неба і нагадвае пра неабходнасць паступаць згодна са сваёй верай.
Да самага ранку сабраныя ў касцёле маглі адараваць Найсвяцейшы Сакрамэнт і ўглядацца ў аблічча Маці Божай Гудагайскай. Галоўны дзень урачыстасцяў пачаўся спевам Гадзінак аб Беззаганным Зачацці Найсвяцейшай Панны Марыі. Першую святую Імшу ў 9.30 цэлебраваў на польскай мове біскуп Алег Буткевіч, які прамовіў таксама гамілію аб Маці Божай і Яе ўдзеле ва ўзрастанні кожнага ў веры.
Цэнтральным пунктам святкавання была Імша апоўдні, якую цэлебраваў біскуп Юрый Касабуцкі разам з біскупам Алегам Буткевічам і святарамі. Шматлікія прысутныя вернікі, семінарысты і кансэкраваныя асобы супольным голасам праслаўлялі Бога, ім дапамагалі спевам харысты з мінскіх парафій. Біскуп Юрый Касабуцкі ў гаміліі ўказаў на Панну Марыю як Маці ўсіх веруючых, а ўзгадваючы пра 100-годдзе аб’яўленняў у Фаціме, 110-годдзе вяртанне славутага ласкамі абраза ў Гудагай і 10-годдзе яго каранацыі, адзначыў, што яны пацвярджаюць пастаянны клопат Маці Божай пра давераны Ёй пад крыжам Касцёл, значыць кожнага з нас. Цэлебрант заўважыў таксама, што Марыя павучае і перасцерагае, але не ўсе хочуць Яе слухаць: “як няслуханне зямной мамы прыводзіць дзяцей да дрэнных наступстваў, падобна няслуханне Маці Божай вядзе да памылкі”. Біскуп заахвоціў да трывалай малітвы таксама за іншых людзей, а віншуючы сабраных з нагоды свята, звярнуў увагу на дэвіз сёлетніх урачыстасцяў, кажучы, што два словы ў ім “шкаплер” і “ружанец” – гэта быццам нумары тэлефонаў да Маці Божай, якія варта набіраць як мага часцей.
На заканчэнне ўрачыстасцяў да прысутных звярнуўся намеснік старшыні Астравецкага райвыканкама Віктар Свіла, які павіншаваў вернікаў і падзякаваў за супольную малітву праз заступніцтва Маці Божай Гудагайскай. У сваю чаргу кусташ санктуарыя, а. Казімір Мараўскі OCD, падзякаваў біскупам, святарам, кансэкраваным асабом і ўсім сабраным на малітве, а таксама запрасіў іх наведваць санктуарый не толькі падчас ліпеньскага адпусту. А. Казімір таксама паінфармаваў, што ў будучым годзе ўрачыстасці ў гонар Маці Божай Шкаплернай пройдуць 14 і 15 ліпеня.
Урачыстасць, варта спадзявацца, застанецца ў сэрцах і памяці ўдзельнікаў, хоць нельга ні апісаць, ні выказаць словамі глыбокі досвед камуніі з Богам у доме Найсвяцейшай Маці, якая ніколі не пакідае сваіх дзяцей. Пад Тваю абарону аддаемся, святая Маці Божая!
А. Аркадзь Куляха OCD
Фота а. Юрыя Находкі OCD, с. Магдаліны Кулай CSCII