3 ліпеня вернікі з Ліды разам са сваім душпастырам кс. Юрыем Бяганскім здзейснілі паломніцтва па Навагрудскіх і Карэлічскіх землях, наведваючы іх святыні.
На пачатку пілігрымы завіталі ў Бярозаўку, дзе зазірнулі ў мясцовы касцёл і пазнаёміліся з дзейнасцю шклозавода "Неман", вырабы якога цешуцца папулярнасцю ва ўсёй Еўропе. Затым вернікі памаліліся ў найстаршым касцёле Беларусі, які знаходзіцца ва Усялюбе і накіраваліся ў Навагрудак. Там пілігрымы наведалі дзве святыні - Белую Фару і касцёл Св. Міхала Арханёла, прынялі ўдзел у св. Імшы і паслухалі экскурсію ў невялічкай "фабрыцы", дзе сёстры назарэтанкі выпякаюць аплаткі.
- Для мяне найбольш запамінальным момантам паломніцтва стала наведванне месца мучаніцкай смерці 11-і манахінь з Навагрудка, якое знаходзіцца ў лесе недалёка горада. Мы ў маўчанні ішлі балоцістай сцежкай, пакуль з-за дрэваў не паказаўся магутны крыж, які нібы імкнецца ў неба. Само месца злачынства выкладзена грудай камянёў, каля якога мігцяць знічы. Мы супольна падзякавалі сёстрам мучаніцам за складзеную ахвяру і папрасілі ў іх апекі над сваімі сем'ямі і краінай, - распавяла адна з удзельніц пілігрымкі Ганна Міцкевіч.
На далейшым шляху вернікі заехалі ў Карэлічы, Варончу і Райцу, дзе зазірнулі ў праваслаўную царкву.
- Яскравай часткай пілігірымкі стала таксама наведванне невялічкіх парафій, такіх як Стараельня ці Дварэц, дзе на Імшы збіраецца толькі каля 10 вернікаў. Прыемна было бачыць радасць на тварах мясцовых парафіянаў, якіх цешыў спеў вялікай групы пілігрымаў, а нас было каля 70-і чалавек. Мы нібы ўдыхнулі жыццё ў мясцовыя святыні, - адзначыла спадарыня Ганна.
На заканчэнне паломнікі наведалі касцёл Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса ў Рандзілаўшчыне, дзе знаходзяцца рэліквіі бл. сясцёр мучаніц з Навагрудка.
- Мы вырашылі, што гэта знак Божы, калі ў чарговы раз на сваім шляху спаткалі гэтых бласлаўлёных манахінь. Яны запэўнілі нас у сваёй апецы, - дадала з усмешкай жанчына.
На зваротнай дарозе вернікі маліліся Ружанец і дзякавалі Богу за ўдалае паломніцтва.
АМ