6 студзеня ва Урачыстасць Трох Каралёў моладзь, якая ўдзельнічала ў сустрэчы маладых у Ратэрдаме, сабралася на супольную Эўхарыстыю і спатканне. Св. Імшу ўзначаліў кс. Павел Салабуда, а душпастыр моладзі і рэктар Пабрыгіцкага касцёла кс. Антоні Грэмза звярнуўся да прысутных з гаміліяй. У ёй кс. Антоні зазначыў, што ў гэтыя дні кожны з нас становіцца адным з каралёў, каб аддаць хвалу найвышэйшаму Каралю - Хрысту. Пасля супольнай малітвы адбылося спатканне ўдзельнікаў паломніцтва і членаў Душпастырства OPEN. Моладзь падзялілася ўспамінамі з Галандыі, можна было паглядзець мультымедыяльную прэзентацыю з Ратэрдама.
Потым кс. Антоні запрасіў усіх да ўдзелу ў малітоўных сустрэчах у духу Taizé, якія будуць праходзіць кожны месяц у Пабрыгіцкім касцёле, а таксама паведаміў, што ўжо рыхтуецца чарговая сусветная сустрэча маладых у Мадрыдзе. Больш інфармацыі на гэтую тэму змешчана ў дыяцэзіяльнай газеце “Слова Жыцця”. Прапануем таксама Вашай увазе мультымедыяльную прэзентацыю.