29 чэрвеня, ва ўрачыстасць святых апосталаў Пятра і Паўла, у Дзітве (Лідскі дэканат), дзе касцёл носіць тытул гэтых святых, адзначылі парафіяльную ўрычыстасць. Яе ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, які таксама ўдзяліў сакрамант канфірмацыі вернікам парафіі.
Звяртаючыся да маладых людзей, якія ў гэты дзень былі ўзбагачаны дарамі Святога Духа, біскуп Аляксандр Кашкевіч адзначыў, што будучыня ў вялікай меры залежыць ад моладзі. “Мы глядзім на вас з надзеяй. Вы павінны даваць сучаснаму свету любоў, справядлівасць і мір, што сёння найбольш патрэбна свету”, – дадаў іерарх.
Падчас парафіяльнага адпусту вернікі засяроджваліся на тым, як могуць наследаваць святых Пятра і Паўла – людзей вялікай веры, услухоўваліся ў пасланне, якое яны нясуць. "Вера гэтых святых можа здавацца немагчымай. Але святыя апосталы выспявалі да яе, бо дазвалялі Пану весці сябе", – зазначыў біскуп. І заклікаў браць прыклад з апосталаў, якім было даверана спецыяльнае заданне для выканання, старацца, як і яны, узрастаць у святасці.
Святы Пётр з вялікім запалам пайшоў за Хрыстом, калі Езус скіраваў да яго простае, а разам з тым незвычайна глыбокае запрашэнне: “Ідзі за Мной”.
Святы Павел вядомы тым, што, хоць раней горача пераследваў хрысціян, перамяніўся ў яшчэ больш "гарачага" апостала Хрыста. Ён казаў пра сябе, што атрымаў веру ад Езуса дзякуючы аб’яўленню. Збаўца праводзіў яго праз розныя выпрабаванні, каб той мог паспяхова абвяшчаць Евангелле сярод язычнікаў.
Кс. Юрый Марціновіч