Skip to main content

Біскуп Кашкевіч асвяціў алтар Маці Божай Нястомнай Дапамогі ў касцёле Гродна-Дзевятоўка

dziew 1

27 чэрвеня, у дзень парафіяльнага адпусту, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч прыбыў у святыню Найсвяцейшага Адкупіцеля, каб разам з мясцовымі вернікамі ўшанаваць старадаўні абраз Марыі, напісаны ва ўсходнім стылі, асвяціць бакавы левы алтар, дзе ён знаходзіцца, а таксама хрысцільню і крапільніцы.

dziew 2Ва ўступным слове да прыстуных вернікаў звярнуўся пробашч парафіі а. Дзмітрый Лабкоў CSsR. Святар нагадаў пра тое, што ў мінулым годзе Касцёл перажываў 150-годдзе, як папа Пій IX перадаў абраз Маці Божай Нястомнай Дапамогі айцам рэдэмптарыстам, і падкрэсліў, што асвячэнне алтара прымеркавана менавіта да гэтага юбілею. “Гэты абраз з’явіўся ў нашай парафіі ў 1995 годзе. Спачатку ён знаходзіўся ў капліцы, якая стаяла на тэрыторыі сучаснага касцёла. У 2004 годзе была зроблена другая копія абраза ў большым памеры. Сёння яна займае ганаровае месца ў бакавым алтары”, – зазначыў пробашч.

Урачыстую Эўхарыстыю ўзначаліў біскуп дыяцэзіі. Разам з ім літургію канцэлебравалі айцы рэдэмптарысты, а таксама кс. Антоній Грэмза, кс. Раман Катлімоўскі і кс. Павел Шанчук. Св. Імшу ўпрыгожыў спеў парафіяльнага хора, цырымонія з удзелам ганаровай варты скаўтаў і членаў душпастырства чыгуначнікаў.

dziew 3У гаміліі біскуп Аляксандр пазнаёміў сабраных з багатай гісторыяй абраза. Звярнуў увагу на постаць Маці Божай Нястомнай Дапамогі, якая “хоць і з’яўляецца самай вялікай выявай на абразе, не становіцца яго цэнтральнай кропкай”. Ардынарый падкрэсліў, што “Марыя як бы звяртае ўвагу на свайго Сына ў атачэнні арханёлаў. Яна не засланяе сабою Хрыста, не прымяншае Яго місіі або справы Адкуплення, здзейсненай на крыжы. Заступніцтва Найсвяцейшай Панны палягае на тым, каб прывесці нас да Хрыста, і праз Яго і ў Ім – да Бога Айца”. І пажадаў парафіянам прыняць гэтае пасланне ў свае сэрцы, заклікаў даверыць Марыі свае клопаты, смутак і боль.

dziew 4Урачыстасць завяршылася эўхарыстычнай працэсіяй, пасля якой ардынарый асвяціў 3 копіі іконы для перэгрынацыі ў парафіі, а таксама блаславіў прысутных абразом Маці Божай Нястомнай Дапамогі.

Ангеліна Пакачайла