Skip to main content

Парафіяльны адпуст адбыўся ў Суботніках

sub 1 27 чэрвеня ў мясцовым касцёле пад тытулам св. Уладзіслава прайшла ўрачыстасць, прысвечаная галоўнаму заступніку парафіі.

Святкаванні пачаліся эўхарыстычнай працэсіяй вакол касцёла. У ёй прынялі непасрэдны ўдзел Рыцары Беззаганнай і дзеці, якія ў гэтым годзе прынялі Першую Святую Камунію. Працэсію з Найсвяцейшым Сакрамэнтам узначаліў кс. дзекан Віктар Субель.

sub 2Св. Імшу цэлебраваў кс. Юрый Бяганскі. Гамілію да прысутных прамовіў кс. Андрэй Лішко. Святар распавёў вернікам пра жыццёвы шлях св. Уладзіслава, нагадаў аб тым, што “кожны з нас можа стаць святым, нягледзячы на тое, што сёння прапануе свет”. Кс. Андрэй запэўніў сабраных у тым, што святымі не нараджаюцца, імі становяцца. “Бог у сваім плане збаўлення заклікае кожнага да святасці. Давайце жыць так, каб людзі маглі ў нас убачыць, дасведчыць, перажыць і адламаць Хрыста, як хлеба, столькі, колькі ім гэта патрэбна. Бог ёсць любоў, а хто ў любові трывае, трывае ў Богу, а Бог – у ім”, – падкрэсліў святар.

Напрыканцы св. Імшы пробашч кс. Аляксандр Лебядзевіч сардэчна падзякаваў святарам і вернікам за прысутнасць і супольную малітву.

Людміла Пясецкая