Skip to main content

Аплаткавая сустрэча Душпастырства настаўнікаў

9 студзеня а 16.00 гадзіне ў Пабрыгіцкім касцёле адбылася сустрэча Душпастырства настаўнікаў. Па запрашэнні кс. Антонія Грэмзы, душпастыра настаўнікаў, сабраліся настаўнікі Гродна і навакольных мясцовасцей. Узначаліў Святую Імшу і звярнуўся да прысутных з гаміліяй кс. бп Аляксандр Кашкевіч. У гаміліі пастыр заахвоціў настаўнікаў, каб яны заставаліся вернымі ласцы святога хросту, таму што тады будуць сведкамі цуду прысутнасці Хрыста. Падчас Эўхарыстыі спяваў хор, які складаўся з настаўнікаў Душпастырства. Пасля св. Імшы ў доме сясцёр назарэтанак адбылася аплаткавая сустрэча. На ёй можна было пачуць многа цёплых і добрых пажаданняў.
Да самых малодшых прыйшоў Святы Мікалай, якому малыя ўдзельнікі сустрэчы расказалі вершы і заспявалі калядкі. Ксёндз Біскуп пажадаў кс. Антонію і ўсім удзельнікам Душпастырства, якое ў гэтым годзе будзе адзначаць 10-гадовы юбілей, далейшага развіцця і абвяшчэння Хрыста ў сваім асяроддзі.