19 чэрвеня, у першы дзень IX Парафіяды дзяцей і моладзі Гродзенскай дыяцэзіі, якая праходзіць у Гродне, удзельнікаў чакаў конкурс малюнкаў, шашак і тэатральных паказаў.
Самыя юныя хлопцы і дзяўчаты змагаліся за першынства ў шашках. Тут удзельнікі праяўлялі сваю кемлівасць і розум, і, як паказаў вынік, у іх гэта выдатна атрымалася. Важна адзначыць, што яны стараліся падтрымліваць адзін аднаго, хоць і былі сапраўднымі супернікамі.
Дзеці годна паказалі і свае мастацкія навыкі. Ім быў прапанаваны ўрывак са Святога Пісання, які яны адлюстравалі на паперы: прыдумлялі творчы вобраз і праяўлялі фантазію.
Тэатральны конкурс стаў кульмінацыяй першага дня. Нягледзячы на юны ўзрост, дзеці трымаліся на сцэне ўпэўнена, стараліся данесці да гледачоў сэнс іх уяўленняў. На сцэне былі прадстаўлены нумары, якія распавядалі пра жыццё Марыі, Езуса і яго цудаў, перамогі дабра над злом і пра шчасце жыцця з Богам.
Усе выступленні былі яркія і запамінальныя, а галоўнае - ў іх быў закладзены велізарны сэнс, які прымушаў задумацца пра сваё жыццё. Стомленыя, але з радаснымі вачыма, дзеці разам, як адна вялікая сям'я, маліліся і дзякавалі Госпаду за перажыты дзень, за таленты і за дары, якія Бог дае ім кожны дзень.
Пасля бласлаўлення юныя вернікі пайшлі адпачываць, каб заўтра з новымі сіламі дасягаць чарговыя вяршыні.
Вікторыя Бурч
Фота Баляслаў Гавэцкі