15 чэрвеня Касцёл святкаваў урачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Езуса Хрыста, падчас якой асаблівым чынам ушаноўваецца Збаўца ў Эўхарыстыі. У гэты дзень вернікі з усіх гродзенскіх парафій сабраліся на супольную Імшу ў касцёле Св. Францішка Ксаверыя. У літургіі прынялі ўдзел таксама святары, законныя сёстры г. Гродна і дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцзіі Юзаф Станеўскі. Узначаліў св. Імшу біскуп Аляксандр Кашкевіч.
У гаміліі іерарх наблізіў вернікам таямніцу Эўхарыстыі і заклікаў іх з большай адказнасцю падыходзіць да прыняцця св. Камуніі:
- Мы прымаем Хрыста не для прыватнага спажывання. Калі ў нашай св. Камуніі не атрымліваюць ніякага дабра нашыя бліжнія, калі пасля яе мы не становімся хоць крыху больш цярплівымі, паслужлівымі, больш зычлівымі для нашага атачэння – гэта значыць, што мы прынялі Пана Езуса як бы дарэмна, бо не скарысталіся ласкамі, якімі Ён жадаў нас адарыць.
Біскуп таксама звярнуў увагу прысутных на асаблівае значэнне Эўхарыстычнай працэсіі вуліцамі горада, якая традыцыйна з’яўляецца неад’емнай часткай урачыстасці Божага Цела:
- Дарогі, па якім штодзённа ў спешцы снуюць натоўпы заклапочаных людзей, імчаць машыны і аўтобусы, у гэты выключны дзень становяцца месцам малітвы, публічнай адарацыі Бога і вызнання веры.
Урачыстае шэсце тысяч католікаў, якое адбылося пасля вс. Імшы, сапраўды засведчыла аб іх свядомым выбары Езуса Хрыста на Валадара жыцця.
Падчас працэсіі, упрыгожанай спевам хору "Cantate Domino", вернікі разам са святарамі і законнымі сёстрамі затрымоўваліся каля падрыхтаваных у розных частках горада алтароў, каб дзякаваць Богу за Яго прысутнасць у іх рэчаіснасці.
На заканчэнне шэсця, на францішканскім узгорку, біскуп Аляксандр Кашкевіч удзяліў усім пастырскага бласлаўлення і заахвоціў сабраных чэрпаць сілы для змагання са штодзённымі цяжкасцямі і абвяшчэння Добрай Навіны ў невычэрпнай крыніцы – святой Эўхарыстыі.
Даведка:
Непасрэднай прычынай для ўстанаўлення свята Божага Цела сталі аб’яўленні бл. Юліяне (XIIІ ст.), настаяцельніцы кляштара аўгустынак у Бельгіі. Бласлаўлёная неаднойчы мела бачанне месячнага дыску з чорнай плямай, якое інтэрпрытавалі як знак адсутнасці сярод касцёльных святаў дня, прысвечанага Найсвяцейшаму Сакраманту.
Ангеліна Марцішэўская
Фота: Вольга Сяліцкая