Skip to main content

“Мы – адна вялікая сям’я": валанцёры Дыяцэзіяльнага дня дзіцяці ў Гродне дзеляцца ўражаннямі ад свята

urazanni walanciory 2Больш за 100 валанцёраў і аніматараў прыняло ўдзел у арганізацыі VII Дыяцэзіяльнага дня дзіцяці, які прайшоў 1 чэрвеня ў гродзенскай парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі.

Падрыхтоўка да гэтай вялікай падзеі ў Гродзенскай дыяцэзіі ішла з пачатку мая. Цэлы месяц валанцёры – маладыя людзі – прымалі актыўны ўдзел у гэтым.

urazanni walanciory 6

Сёння сваімі ўражаннямі ад свята, якое праходзіла пад дэвізам «Марыя – наша Маці – аб'явілася дзіцяцi», дзеляцца валанцёры і аніматары дыяцэзіяльнага свята для дзяцей.

Вадзім Яблонскі ўжо другі раз запар на Дыяцэзіяльным дні дзіцяці праводзіць віктарыну для дзяцей. У гэтым годзе ён засяродзіўся на тэме фацімскіх аб’яўленняў і, як сам адзначае, быў пад вялікім уражаннем ад ведання дзецьмі гэтай тэмы. "Я быў вельмі ўражаны, што дзеці так шмат ведаюць пра Маці Божую Фацімскую. Атмасфера была неверагодная, дзеці былі вельмі вясёлыя, радасныя, нягледзячы на дождж, які часам ішоў. Вельмі было прыемна, калі вакол цябе збіралася шмат дзяцей, было прыемна бачыць усмешку-падзяку на іх тварах”, - дадае Вадзім.

Кацярына Каракулька, якая сёлета на свяце была апранута ў Люцыю – найстарэйшую з візіянераў у Фаціме, – адзначае, што Дыяцэзіяльны дзень дзіцяці – вялікае свята не толькі для дзяцей, але і для валанцёраў. "Для нас шчасце глядзець на тое, як дзеці бегаюць з аднаго намёту ў іншы і размалёўваюць сабе твары, робяць прычоскі, а потым ходзяць такія радасныя, прыгожыя. Яны бегаюць, весяляцца, знаёмяцца, хтосьці знаходзіць сабе новых сяброў – і гэта, несумненна, проста цудоўна!” – кажа Кацярына.

urazanni walanciory 7

urazanni walanciory 5

Дзяўчына выражае надзею, што гэты дзень запомніўся дзецям не толькі забавамі, але і тым, што асноўнай яго тэмай была Марыя – Мама Езуса. “Нашымі сцэнкамі мы спрабавалі распавесці гісторыю аб’яўленняў Маці Божай Фацімскай тром пастушкам, і мы спадзяемся, што цяпер дзеці абавязкова будуць ведаць гэтую гісторыю, памятаць усе Яе пасланні і тое, якія цуды адбываліся падчас Яе аб’яўленняў”, - дзеліцца Кацярына.

urazanni walanciory 9

У падрыхтоўцы і правядзенні свята дзяцей удзельнічала шмат валанцёраў у першы раз, і яны пераканаліся, што варта было прысвяціць гэтаму час.

Вікторыя Навумовіч кажа, што Дыяцэзіяльны дзень дзіцяці – добры спосаб быць бліжэй да Бога, да Марыі, пазнаёміцца з новымі людзьмі і навучыцца чамусьці новаму. “Быць валанцёрам на такім цудоўным свяце з такімі класнымі і добрымі хлопцамі і дзяўчатамі – велізарны падарунак для мяне”, - адзначае дзяўчына. "У нашым свеце вельмі важна берагчы нашых дзяцей, быць міласэрным да тых, хто навокал, дапамагаць бедным. Нягледзячы на дрэннае надвор’е, нам удалося падарыць усім дзецям радасць, цеплыню і нашу любоў. Мы разам маліліся і праслаўлялі нашу Маму. Мы – адна вялікая сям’я, і Марыя – наша Маці”, - дадае Вікторыя.

urazanni walanciory 4

urazanni walanciory 1

Віталій Алізаровіч прызнаецца, што асабіста яму вельмі спадабалася знаходзіцца тут з такім калектывам, з дзецьмі і з усімі прысутнымі на свяце. Ад імя ўсіх удзельнікаў хлопец дзякуе арганізатарам, спонсарам, святарам, валанцёрам, манахіням, апекунам і ўсім тым, хто прымаў удзел у арганізацыі і правядзенні свята. "Ад усяго сэрца дзякую ўсім людзям, якія прымалі ўдзел у гэтым цудоўным свяце – Дні дзіцяці! Велізарны дзякуй вам за добры настрой, за душэўную цеплыню, якая прыкметна вылучалася, нягледзячы на надвор’е, за спагадлівасць", - кажа Віталій, дадаючы, што ў гэты дзень набыў шмат новых цікавых сяброў.

urazanni walanciory 3

Варта адзначыць, што валанцёрамі і аніматарамі сёлета былі ўжо і ўдзельнікі папярэдніх дзён дзіцяці. Калісьці яны бралі ўдзел у гэтай сустрэчы, а сёння хочуць самі несці радасць дзецям праз сваю паслугу.

urazanni walanciory 8

Усе валанцёры і аніматары ўдзячныя дзецям, якія 1 чэрвеня наведалі гродзенскую парафію Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, дзякуючы ім за кожную ўсмешку і радасць і чакаючы новых сустрэч з імі.

Кс. Юрый Марціновіч